Ф, ф — дваццаць трэцяя літара беларускага алфавіта.
Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Ф («ферт»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Φ («фі»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазнанала зычныя гукі [ф], [ф’] у запазычаных словах (арфа, финикъ). Мела таксама лічбавае значэнне «пяцьсот». У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Супала значэннем з літарай Ѳ («фіта») і ў дзелавым пісьменстве была выцеснена апошняй. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.
Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя (шчылінныя) губна-зубныя зычныя гукі [ф], [ф’] пераважна ў словах іншамоўнага паходжання (фарба, філіял — [ф’іл’ійал]). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ФЗН, ФЭД), як умоўнае скарачэнне слова фунт (15 ф.). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне дваццаць першы (група «Ф»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (пункт № 7ф).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт