Травяна́я мука́ — вітамінна-бялковы корм са штучна высушанай пры высокай тэмпературы і размолатай травяной масы.

Асноўныя тэхналагічныя аперацыі прыгатавання травяной мукі: скошванне траў на ранніх стадыях вегетацыі (бабовых у фазе бутанізацыі, метлюжковых — у пачатку каласавання); здрабненне ў сечку; сушка; размол у муку; грануляванне.

Для атрымання травяной мукі выкарыстоўваюць бабовыя (люцэрна, віка пасяўная, канюшына, лубін кармавы, гарох, сырадэля і іншыя) і іх травасумесі з метлюжковымі (цімафееўка лугавая, авёс пасяўны, купкоўка зборная і іншыя), а таксама атаву траў і бацвінне караняплодаў. Сушаць і размолваюць травяную муку ў адмысловых агрэгатах для падрыхтоўкі травяной мукі (напрыклад, сушыльны комплекс АВМ-0,65). Для лепшага захавання караціну пры захоўванні да травяной мукі дадаюць антыаксіданты (сантахін і іншыя). Мука з маладых, добра аблісцелых траў па пажыўнасці не саступае шматлікім збожжавым кармам, пераўзыходзіць іх па паўнавартаснасці бялку, зместу мінеральных рэчываў, вітамінаў.

Травяная мука захоўвае 90—95 % пажыўных рэчываў сыравіны. У 1 кг травяной мукі 0,7—0,9 кармавых адзінак. Мае ў складзе 16—24 % страўнага пратэіну, 35—45 % безазоцістых экстрактыўных рэчываў, тлушчы, мінеральныя рэчывы, карацін (200—300 мг/кг), вітаміны групы B, вітаміны С, E, K.

Травяную муку дадаюць да рацыёну сельскагаспадарчых жывёл (буйнога рагатага ската, свіней, птушак), уключаюць у склад камбікармоў. З мэтай прадухілення разбурэння вітамінаў травяную муку нельга варыць і запарваць.

Гл. таксама Сянная мука

Крыніцы

Літаратура

Травяна́я мука́ // Сельское хозяйство : Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. К. Месяц. — 2-е (репр.) изд. «Сельскохозяйственного энциклопедического словаря» 1989 г. — М. : Большая Росийчкая энциклопедия, 1998. — (Серия «Большие энциклопедические словари»). — 655, с., л. цв. ил. — ISBN 5-85270-263-3.

Катэгорыя:Сельская гаспадарка Катэгорыя:Корм Катэгорыя:Мука