Геадэзічны факультэт — адзін з факультэтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1979—2017 гадах.
Агульная характарыстыка Геадэзічны факультэт Полацкага ўніверсітэта з’яўляўся адзіным у Беларусі, які забяспечваў кваліфікаванымі кадрамі ў галіне геадэзіі спецыялізаваныя картографа-геадэзічныя, навукова-даследчыя, праектныя, будаўнічыя арганізацыі, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, аддзелы архітэктуры і камітэты па зямельных рэсурсах выканкамаў абласных, раённых і гарадскіх саветаў, буйныя прамысловыя і горназдабываючыя прадпрыемствы краіны.
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта станам на 2008 год налічваў 2 дактароў навук, прафесараў і 10 кандыдатаў навук, дацэнтаў.
Факультэт быў створаны 1 чэрвеня 1979 года. Станам на 2008 год у структуру факультэта ўваходзілі кафедры прыкладной геадэзіі і фотаграмметрыі (загадчык — доктар тэхнічных навук, прафесар У. П. Падшывалаў), якая ажыццяўляла падрыхтоўку інжынераў па спецыяльнасцях «Прыкладная геадэзія» і «Фотаграмметрыя», а таксама кафедра геадэзіі і кадастраў (загадчык — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт І. Р. Картавенкаў), якая ажыццяўляла падрыхтоўку па спецыяльнасцях «Геадэзія», «Зямельны кадастр» і падрыхтоўку спецыялістаў у галіне інжынернай геадэзіі, геалогіі і гідрагеалогіі.
На факультэце меліся спецыялізаваныя лабараторыі, якія былі абсталяваныя оптыка-электроннымі прыборамі для высакадакладных вымярэнняў, у тым ліку для вымярэння паскарэння сілы цяжкасці і матэматычнай апрацоўкі аэра- і касмічных стэрэаздымкаў і інш.
Студэнты і выпускнікі факультэта, якія добра валодалі англійскай мовай, мелі магчымасць працягнуць навучанне за мяжой. У рамках дамовы са Швецыяй, штогод 5 выпускнікоў факультэта маглі выехаць у Швецыю для навучання ў магістратуры ў галіне землекарыстання ў Каралеўскім тэхналагічным інстытуце ў Стакгольме.
Станам на 2008 год на факультэце навучалася каля 350 студэнтаў дзённай і завочнай формы навучання, дзейнічала магістратура і аспірантура, а таксама Савет па абароне дысертацый на саісканне навуковай ступені кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці «Геадэзія».
З часам дзве кафедры факультэта былі аб’яднаныя ў адну, якая ў цяперашні час з’яўляецца часткай факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ.
Літаратура Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт : вытокі, гісторыя станаўлення і дзейнасць (да 40-годдзя заснавання) / Рэдкалегія: Дз. М. Лазоўскі, Дз. У. Дук, Э. М. Бабенка, У. С. Філіпенка, Т. М. Глазырына, Т. А. Грудніцкая. — Наваполацк: ПДУ, 2008.- 312 с. ISBN 978-985-418-662-7
Спасылкі Геодезический факультет Полоцкого государственного университета Полоцкий государственный университет - Геодезический факультет (2015)
Катэгорыя:Факультэты ПДУ Катэгорыя:З’явіліся ў 1979 годзе Катэгорыя:1979 год у Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў 2017 годзе