Фелікс Гуэн (; , Пейпен, Буш-дзю-Рон — , Ніца) — французскі палітык і дзяржаўны дзеяч. Прэм’ер-міністр Францыі з 26 студзеня па 24 чэрвеня 1946 года.
Біяграфія Нарадзіўся ў мястэчку Пейпен каля Марселя. Скончыў сярэднюю школу ў Марселі, затым вывучаў права ў Экс-ан-Правансе. У 1907 годзе пачаў адвакатскую практыку ў Марселі. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе паступіў на ваенную службу ў французскія ўзброеныя сілы.
У 1923 годзе быў абраны мэрам горада Істр. У 1924 годзе стаў дэпутатам французскага парламента ад дэпартамента Экс-ан-Праванс. У маладыя гады далучыўся да Сацыялістычнай партыі і стаў блізкім супрацоўнікам Леона Блюма. З 1937 года займаў пасаду намесніка старшыні фракцыі.
Пасля ўварвання Вермахта ў Францыю ў 1940 годзе, Гуэн быў адным з 80 дэпутатаў, якія 10 ліпеня галасавалі супраць надання Анры Філіпу Петэну надзвычайных паўнамоцтваў. Ён таксама быў адным з трох адвакатаў, якія абаранялі Леона Блюма на Рыомскім працэсе, ініцыяваным рэжымам Вішы супраць палітычных праціўнікаў.
Улетку 1942 года, каб пазбегнуць рэпрэсій, Гуэн уцёк праз Іспанію ў Вялікабрытанію, дзе далучыўся да Шарля дэ Голя. Ён узначаліў парламенцкую групу Францыі ў Лондане, а пасля высадкі саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы быў абраны прэзідэнтам Кансультатыўнай часовой асамблеі ў Алжыры. У 1944 годзе асамблея пераехала ў Парыж, і Гуэн заставаўся яе кіраўніком.
Пасля выбараў у кастрычніку 1945 года, Гуэн быў абраны прэзідэнтам Нацыянальна-канстытуцыйнай асамблеі. З 26 студзеня па 24 чэрвеня 1946 года ён узначальваў кааліцыйны Часовы ўрад Францыі, які ўключаў тры вядучыя антыфашысцкія партыі: Сацыялістычную партыю, Камуністычную партыю і Народна-рэспубліканскі рух. Яго ўрад прыняў рашэнні аб нацыяналізацыі электраэнергетыкі і газу, а таксама 34 страхавых кампаній. Пасля адстаўкі да снежня 1946 года заставаўся ў складзе ўрада на пасадзе намесніка прэм'ер-міністра Жоржа Бідо.
У 1947 годзе ў кабінеце Поля Рамадзье атрымаў пасаду дзяржаўнага міністра. Яго імя было звязана з «віным скандалам», пасля чаго ён больш не займаў кіруючых пасад. У 1956 годзе Гуэн удзельнічаў у якасці сябра французскай дэлегацыі на 11-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Гуэн завяршыў сваю палітычную кар'еру ў 1958 годзе, калі прагаласаваў супраць на канстытуцыйным рэферэндуме і адмовіўся ад усіх сваіх мандатаў. Памёр 25 кастрычніка 1977 года ў Ніцы. За свае заслугі перад Францыяй быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна.
Крыніцы
Катэгорыя:Прэм’ер-міністры Францыі