Макс Эйцінгон (; , Магілёў, Расійская імперыя — , Іерусалім, Палесціна) — нямецкі псіхааналітык, адзін з першых і найбольш адданых вучняў Фрэйда, заснавальнік шэрагу псіхааналітычных таварыстваў, выдавецтваў, бібліятэк і інстытутаў, арганізатар псіхааналітычнага навучання.
На грошы Эйцінгона былі выдадзены амаль усе пазнейшыя працы Фрэйда, створаны тры Інстытуты псіхааналізу. Разам з прынцэсай Мары Банапарт, Эйцінгон быў адным з найбольш буйных спонсараў і таленавітых менеджараў, якім псіхааналіз абавязаны такім актыўным развіццём у XX стагоддзі.
Біяграфія Макс (Мордух) Эйцінгон нарадзіўся ў Магілёве, у сям’і багатага прадпрымальніка і прамыслоўца Хаіма Мордухавіча Эйцінгона (1857, Шклоў — 1932, Лейпцыг) і яго жонкі Хасі (пазней Аляксандры) Янкелеўны Ліўшыц. У 1880 годзе памёр яго дзед Мордух Эйцінгон, і хлопчыка, які нарадзіўся ў наступным годзе, назвалі Мордухам у гонар дзеда. У яго былі сёстры Эстэр і Фаня, а таксама брат Вальдэмар. У 1893 годзе сям’я перабралася ў Лейпцыг, дзе бацька ператварыўся ў аднаго з найбуйнейшых прадпрымальнікаў: яго фірма Chaim Eitingon Aktiengesellschaft стала адной з самых вядомых у свеце гандлю футрам. Хаім Эйцінгон быў вядомым патронам габрэйскай супольнасці ў Лейпцыгу, ён пабудаваў там шпіталь і артадаксальную сінагогу.
З-за моцнага логанеўроза, які захаваўся ў яго на ўсё жыццё, Макс Эйцінгон быў вымушаны пакінуць школу, скончыўшы яе экстэрнам. У 1903 ён паступіў у Марбургскі ўніверсітэт на факультэт медыцыны, а ў 1909 годзе ў Цюрыху абараніў доктарскую дысертацыю на тэму пра асацыятыўныя эксперыменты пры эпілепсіі. У клініцы Бурхольцлі ён пазнаёміўся з Карлам Абрахамам і Карлам Густавам Юнгам і пачаў займацца псіхааналізам.
28 студзеня 1907 Эйцінгон упершыню сустрэў Зігмунда Фрэйда (ён быў першым замежнікам, які адмыслова наведаў заснавальніка псіхааналізу) і праз некаторы час уступіў у яго Венскае псіхааналітычнае таварыства; ён прайшоў дыдактычны псіхааналіз у Фрэйда і пачаў прыватную практыку.
У 1920 увайшоў у Камітэт шасці, сакрэтную групу з шасці самых блізкіх вучняў Фрэйда, якая мела вырашальны ўплыў на Міжнародную псіхааналітычную асацыяцыю.
Пасля пераезду ў Берлін сумесна з Карлам Абрахамам стварыў у 1920 годзе Берлінскі інстытут псіхааналізу, дзе ўпершыню былі наладжаны сістэматычны прыём пацыентаў і адпрацаваны працэдуры псіхааналітычнага трэнінгу. Пасля смерці Абрахама ў 1925 годзе стаў прэзідэнтам Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі (IPA).
Меў уласны капітал (бізнес Хаіма Эйцінгона па продажы футраў), за ўласны кошт фінансаваў стварэнне ў Вене псіхааналітычнага выдавецтва, на яго грошы дзейнічаў Берлінскі інстытут псіхааналізу, досыць часта пазычаў грошы Фрэйду.
Калі да ўлады ў 1933 годзе ў Германіі прыйшлі нацысты, Эйцінгон вымушаны быў пакінуць краіну і перабраўся ў Палесціну, дзе ён стварыў мясцовае аддзяленне Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі і Псіхааналітычны інстытут у Іерусаліме.
Але ў гісторыю псіхааналізу Эйцінгон увайшоў не толькі як бліскучы прадпрымальнік, паспяховы камерсант і папулярызатар ідэй Фрэйда, але і як аўтар шэрагу дыдактычных даследаванняў. У 1922 годзе Эйцінгон прапанаваў для псіхааналітычнай супольнасці новую адукацыйную сістэму, якая і па гэты дзень застаецца класічнай мадэллю, яна складаецца з асабістага аналізу (у сертыфікаванага спецыяліста) і супервізарскага кантролю (работы пад наглядам старэйшага калегі). Ён таксама прапанаваў правіла, згодна з якім псіхааналітык не можа пачаць сваю прыватную практыку, пакуль не скончыць курс свайго дыдактычнага псіхааналізу. Гэта правіла было прынята Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыяй (IPA) і з удакладненнямі Ота Кернберга захоўвае сваю сілу да нашых дзён.
Паколькі вельмі складана падзяліць дыдактычны псіхааналіз і супервізарскі кантроль, Эйцінгон прапаноўваў уважліва даследаваць гэты феномен. Яго працы пра перанос у супервізіі і ў клініцы застаюцца базавымі для псіхааналізу на працягу ўжо 80 гадоў.
Сям’я
Жонка (з 1913 года) — актрыса Міра Якаўлеўна Бураўская (сцэнічны псеўданім Міра Бірэнс, 1877—1947), у папярэднім шлюбе замужам за Барысам Восіпавічам Харытонам, маці фізіка Юлія Барысавіча Харытона.
Міро і Макс Эйцінгон утрымлівалі вядомы ў Берліне псіхааналітычны салон. У 1922 годзе Макс Эйцінгон з жонкай гасцявалі ў Парыжы ў яе сястры Лізаветы (Леі) Якаўлеўны Бураўскай і яе мужа Леаніда Мікалаевіча Райгародскага; у іх доме Эйцінгон пазнаёміўся з філосафам , і паміж імі завязалася перапіска, апублікаваная цалкам толькі ў 2014 годзе.
Траюрадны брат — савецкі разведчык, генерал-маёр НКУС Навум Ісакавіч Эйцінгон.
Дыскусіі пра супрацу з савецкімі спецслужбамі
Адна з самых гарачых дыскусій па асобе Макса Эйцінгона вядзецца на тэму яго магчымай супрацы з савецкімі спецслужбамі. Ускосныя сведчанні паказваюць на тое, што Макс Эйцінгон мог быць датычным да выкрадання ў Парыжы генерала Белай арміі Яўгена Мілера, кіраўніка белаэмігранцкага Рускага агульнавайсковага саюза ў 1937 годзе. Асаблівыя падазрэнні следства выклікала сяброўства сям’і Эйцінгонаў са спявачкай Надзеяй Плявіцкай і яе мужам — генералам Белай арміі Мікалаем Скобліным, які быў завербаваны савецкай і германскай разведкай. Макс Эйцінгон сустракаўся ў Парыжы са Скобліным і Плявіцкай непасрэдна пасля выкрадання Мілера.
У 1998 годзе ў The New York Times Book Review быў апублікаваны артыкул Стэфана Шварца, у якім сцвярджалася, што Макс Эйцінгон быў агентам савецкай выведкі і ў супрацы са сваім сваяком Навумам Эйцінгонам арганізаваў выкраданне генерала Мілера. Паводле Аляксандра Эткінда, грашовы рэсурс Эйцінгона паходзіў ад продажу савецкіх футраў і забяспечваўся савецкімі ўладамі, якія праз гэтыя фінансавыя патокі маглі кантраляваць і міжнародны псіхааналітычны рух. Ізраільскія гісторыкі Ізабэла Гінор і Гідэон Рэмез сабралі дадатковыя сведчанні ў развіццё ідэй Эткінда, якія пацвярджаюць тэзіс пра супрацу з савецкай разведкай; на іх думку, апроч фінансавай падтрымкі Скобліных, «Макс і Міра аказвалі і іншыя негалосныя паслугі савецкім уладам: багатая кватэра ў фешэнебельным раёне выконвала функцыі канспіратыўнай, а хлебасольныя прыёмы літаратурна-палітычнага салона дазвалялі назіраць за тымі ці іншымі прадстаўнікамі эміграцыі з той выгаднай пазіцыі, якую яны займалі ў грамадстве». Іншыя гісторыкі псіхааналізу лічаць гэтыя абвінавачванні беспадстаўнымі і нацягнутымі.
Крыніцы
Катэгорыя:Псіхолагі Германіі Катэгорыя:Медыкі Ізраіля Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёўскай губерні Катэгорыя:Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта Катэгорыя:Памерлі ў Іерусаліме Катэгорыя:Памерлі ў 1943 годзе Катэгорыя:Памерлі 30 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёве Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1881 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 26 чэрвеня Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі