Аляксандр Мікалаевіч Матузка (, Стараказачае, Белгарад-Днястроўскі раён, Адэская вобласць, Украінская ССР — ) — беларускі спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, педагог. Кандыдат геаграфічных навук (1971), дацэнт (1982). Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Біяграфія Нарадзіўся 18 верасня 1944 года ў вёсцы Стараказачае Белгарад-Днястроўскага раёна Адэскай вобласці Украіны. У 1962 годзе паступіў на геаграфічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, які скончыў у 1967 годзе з адзнакай па спецыяльнасці «фізічная геаграфія, геамарфалогія, палеагеаграфія». У 1970 годзе завяршыў аспірантуру і ў лютым 1971 года на геаграфічным факультэце МДУ абараніў кандыдацкую дысертацыю «Фаўна млекакормячых верхняга пліяцэну, ніжняга і пачатку сярэдняга плейстацэну пазаледавіковай вобласці Заходняй Сібіры і яе палеагеаграфічнае значэнне». Навуковыя кіраўнікі — акадэмік К. К. Маркаў і прафесар Р. І. Лазукоў.

У 1971—1974 гадах працаваў на гісторыка-геаграфічным факультэце Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

З 1974 года — на геаграфічным факультэце БДУ, дзе працаваў да канца жыцця. У 1982 годзе яму прысвоена званне дацэнта.

Быў куратарам студэнцкіх груп, у 1982—1998 гадах — сакратаром вучонага савета геаграфічнага факультэта. Чытаў курсы «Гісторыя і метадалогія геаграфічнай навукі», «Фізічная геаграфія СССР (Азіяцкая частка)», «Асновы ландшафтазнаўства», «Біягеаграфія», «Асновы палеагеаграфіі», «Палеанталогія» і інш.

Навуковая дзейнасць Аўтар 230 навуковых і вучэбна-метадычных прац, у тым ліку 9 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў і 1 брашуры; 24 публікацыі выйшлі за мяжой. На геаграфічным факультэце БДУ кіраваў аддзелам палеанталогіі Музея землязнаўства. Браў удзел у працы факультэцкіх, рэспубліканскіх, міжнародных семінараў і кангрэсаў.

Быў адным з першаадкрывальнікаў карчоўскага міжледавікоўя ў Беларусі. Член Міжнароднай камісіі па стратыграфіі і карэляцыі чацвярцічных адкладаў (INQUA), Беларускага геаграфічнага таварыства, Расійскага палеанталагічнага таварыства, Беларускай антрапагенавай камісіі.

Пад яго кіраўніцтвам абаронены кандыдацкая і доктарская дысертацыі (Д. Л. Іваноў).

Крыніцы

Катэгорыя:Географы Беларусі Катэгорыя:Палеантолагі Беларусі