Г. Лейвік (, ; сапраўднае імя і прозвішча Лейвік Гальперн; 25 снежня 1888, Ігумен - 23 чэрвеня 1962, Нью-Ёрк) — яўрэйскі паэт і драматург, які пісаў на ідышDenman, Hugh. "Leivik, H." Encyclopaedia Judaica, edited by Michael Berenbaum and Fred Skolnik, 2nd ed., vol. 12, Macmillan Reference USA, 2007, pp. 629-631. Gale eBooks, link.gale.com/apps/doc/CX2587512101/GVRL?u=uppsala&sid=bookmark-GVRL&xid=1eca556b. Accessed 4 Oct. 2025..
Біяграфія Старэйшы сын у шматдзетнай сям'і. Бацька быў нашчадкам мінскага рабіна Ар’е Леб бен-Ашэра, працаваў настаўнікам, даваў урокі яўрэйскай граматы дзяўчатам. З пяці гадоў Лейвік вучыўся ў хедары, з дзесяці - у ешыбоце спачатку ў мястэчку Беразіно, а ў 1901-1903 гг. у Мінску. Каля 1905 г. стаў актыўным членам Бунда. Быў арыштаваны на бундаўскай дэманстрацыі ў Ігумне, але адпушчаны.
У 1906 г. быў зноў арыштаваны за захоўванне нелегальнай літаратуры. Яго тры месяцы трымалі ў вязніцы ў Ігумне, а потым два гады ў Мінску да суда. Анархіст Марыс Шульмайстэр у сваіх успамінах згадвае: Камеру са мной дзяліў паэт і бундовец Лейвік. За тры гады, якія мы разам прасядзелі, ён напісаў мноства вершаў і п'ес. На судзе (1908) адмовіўся ад абароны, абвясціў сябе перакананым змагаром з самадзяржаўем і быў прысуджаны да чатырох гадоў катаржнай турмы і пажыццёвай ссылкі ў Сібір. У 1910 г. пераведзены ў Бутырскую турму, а ў 1912 г. дастаўлены ў пасёлак Віцім на Лене, адкуль вясной 1913 г. уцёк у ЗША.
У 1914 г. наняўся на фабрыку дзіцячага адзення ў Філадэльфіі; пазней, аж да 1932 г., ужо стаўшы прызнаным пісьменнікам, працаваў маляром-шпалернікам у Нью-Ёрку.
З 1924 г. стаў друкавацца ў газеце амерыканскіх камуністаў „Фрайхайт“ і ў іх часопісе „Дэр Хамер“.
У канцы 1925 г. - пачатку 1926 г. распачаў паездку па Еўропе (Англія, Францыя, Германія, Польшча), якая завяршылася наведваннем Савецкага Саюза, дзе паэт быў гасцінна сустрэты (зборнікі яго вершаў былі выдадзены ў Маскве і Кіеве).
У верасні 1925 года наведаў Мінск. У лісце да сваёй жонкі ў Нью-Ёрку дзяліўся ўражаннямі ад жыцця ў беларускай сталіцы: Людзі апрануты вельмі сціпла, і я нават саромеюся хадзіць па вуліцы ў сваім яркім гарнітуры. Менавіта таму я яго і не нашу. Ад голаду тут ніхто не пакутуе, ежы і пітва ў дастатку... каштуе ежа вельмі нядорага. Горы садавіны... мяса і малочных прадуктаў. Беднасць перш за ўсё прыкметная ў адзенні. Зрэшты, у Мінскай губерні і тутэйшых мястэчках ніколі асабліва не сачылі за модай - у любой сям'і мелася на ўсіх адна пара чаравікоў.Пабываў у Інбелкульце і быў моцна ўражаны працаю, якую вяла беларуская інтэлегенцыя ў аднаўленні нацыянальнай культуры. Пазней, пры сустрэчы з яўрэйскімі дзеячамі ў Маскве, Лейвік адзначаў: “Нажаль, у вашай працы адчуваю нейкую боязь, заціснутасць... Няма таго пафасу, таго трымцення, з якім беларусы ставяцца да сваёй культуры...”.
Аднак Маісей Літвакоў з пазіцый Яўсекцыі папракнуў Лейвіка ў сацыяльным песімізме, а пасля выхаду яго шляхавых нататак «На пачатковым рубяжы» (Кіеў, 1925) — у няслушнай ацэнцы ўзроўню яўрэйскай літаратуры ў Савецкім Саюзе і савецкага шляху грамадскага развіцця. На зваротным шляху ў ЗША ў студзені 1926 года зноў наведаў Мінск, дзе яўрэйскія культурныя колы наладзілі ў яго гонар шэраг літаратурных чытанняў.
У 1929 г., як многія яўрэйскія пісьменнікі, парваў з камуністычнай прэсай, калі апошняя абвясціла крывавыя антыяўрэйскія акцыі арабаў у Эрэц-Ісраэль нацыянальна-вызваленчым рухам.
У 1950 і 1957 гг. наведаў дзяржаву Ізраіль і пачаў задумвацца аб пераездзе, але ў 1958 г. параліч прыкаваў паэта да ложка.
Творчасць
У ешыбоце захапіўся літаратурай Хаскалы і пачаў пісаць вершы на іўрыце. У 1907 г.у мінскай турме (у чаканні суда) напісаў на ідышы драматычную паэму «Ланцугі Месіі» (апубл. 1939) і шэраг вершаў, з якіх адно з’явілася тады ж у нью-ёркскай газеце «Цайтгайст». Узяў псеўданім, каб пазбегнуць блытаніны з вядомым паэтам-цёзкам Мойшэ-Лейбам Гальпернам.
У літаратурныя колы Лейвік увайшоў у Філадэльфіі, дзе М. Кац, рэдактар газеты «Дзі ідышэ велт» і Барух Нахман Чарны, які заведваў філіялам газеты «Форвертс», сталі публікаваць яго творы ў сваіх выданнях. Пазней Чарны дапамог яму выдаць першы зборнік вершаў „Пад замком“ (1918) — аб цяжкім дзяцінстве, турме, спасылцы, уцёках (цыкл „На сібірскіх дарогах“, 1916). Тыя ж тэмы вар’іраваліся і ў другім зборніку „Вершы“ (1919). У імкненні паэта разнастаіць метрыку, лексіку, інтанацыйны лад адбілася ўплыў літаратурнага руху „Di yunge“, у выданнях якога Лейвік часта выступаў.
У 1917-20 гг. былі напісаны чатыры паэмы пра пагромы (у тым ліку „Воўк“). Адначасова Лейвік працаваў над праславіўшай яго драматычнай паэмай „Голем“Simchi Cohen.A Living Man, a Clay Man: Violence, the Zombie, and the Messianic in H. Leivick's The Golem // Cultural Critique. — 2015. — Т. 90. — С.1–21. — ISSN 0882-4371. — DOI:10.5749/culturalcritique.90.2015.0001 (апубл. 1921; упершыню пастаўлена ў Маскве тэатрам „Габіма“ у 1925 г. у перакладзе на іўрыт). У 1921-29 гг. працягваў працаваць у жанры драматургіі („Рыззё“, 1921; „Фабрыка“, 1927; „Гірш Лекерт“, 1927Nethanel M. Treves. A Bundist Tale in the Soviet World: Historical and Artistic Representations of Hirsh Lekert // Shofar: An Interdisciplinary Journal of Jewish Studies. — 2024. — В. 3. — Т. 42. — С. 1–25. — ISSN 1534-5165; „Ланцугі“, 1929, і інш.).
У 1930-х гг., нягледзячы на абвастрэнне застарэлага сухотаў, прыходзіць у лірыцы да прасветленага прымання свету („Вершы з раю“, 1937), а ў драматургіі — да філасофскага асэнсавання жыцця, выкарыстоўваючы пераважна біблейскія сюжэты і сярэднявечныя легенды. Асаблівым лірызмам у творчасці гэтых гадоў вылучаецца драматычная паэма „Абеляр і Элаіза“ (1936). Важным пачынаннем гэтых гадоў было прадпрынятае Лейвікам сумесна з Апатошу выданне альманаха „Замлбіхер“ (1936-52; выйшла восем тамоў) з мэтай публікаваць лепшыя творы на ідыш пісьменнікаў, якія жывуць у розных краінах.
Катастрофе еўрапейскага яўрэйства прысвяціў драму „Цуд у гета“ (1940), зборнік вершаў і паэм „Я не быў у Трэблінцы“ (1945), драматычную паэму-містэрыю „Вяселле ў далёкім лесе“ (1949) і нататкі «З ацалелымі рэшткамі» (1947) пра наведванне лагераў яўрэйскіх бежанцаў у пасляваеннай Германіі.
Ушанаванне У Тэль-Авіве знаходзіцца "Дом Лейвіка", дзе размешчаны Асацыцыяцыя пісьменнікаў і журналістаў на ідышы ў Ізраілі, Выдавецтва Г. Лейвіка і Ізраільскі цэнтр культуры ідыш.
Крыніцы
Катэгорыя:Члены Бунда Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя:Паэты ЗША Катэгорыя:Ідышамоўныя паэты Катэгорыя:Памерлі ў Нью-Ёрку Катэгорыя:Памерлі ў 1962 годзе Катэгорыя:Памерлі 23 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Чэрвені Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1888 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 25 снежня Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі