Касцёл Усіх Святых — каталіцкі храм у Свянцянах (Літва). Размешчаны ў цэнтры горада на плошчы Свабоды.
Гісторыя Фундатарам першай святыні ў Свянцянах быў, відаць, у 1420-х гадах, вялікі князь літоўскі Вітаўт. У 1634—1636 гадах узведзены новы касцёл, які крыху больш як праз сто гадоў быў грунтоўна адрамантаваны. Наступныя рэстаўрацыі адбываліся ў 1820 і 1853 гадах.
Праект новага мураванага касцёла быў падрыхтаваны ў 1885 годзе, але дазвол на будаўніцтва атрымалі толькі праз некалькі гадоў. Фундатарам касцёла і галоўнага алтара быў афіцэр расійскай арміі Казімір Чаховіч (1847—1923), уласнік суседняга маёнтка Свянцянка, які ўзяў на сябе перад царскімі ўладамі абавязак пабудаваць у Свянцянах таксама і праваслаўную царкву. Касцёл быў кансекраваны ў 1899 годзе віленскім біскупам Стэфанам Аляксандрам Звяровічам.
У 1998 годзе, перад 100-годдзем сваёй кансекрацыі, касцёл быў грунтоўна адрамантаваны.
Архітэктура
Тэрыторыя касцёла ў Свянцянах абнесена каванай агароджай на нізкім бутавым муры. Касцёл у выглядзе трохнефавай базілікі, з трохграннай апсідай і дзвюма вежамі. Партал галоўнага ўвахода ўпрыгожаны архівольтамі.
Галоўны неф вышынёй 13 метраў аддзелены ад ніжэйшых бакавых нефаў аркадамі, пастаўленымі на слупах. Адразу за галоўным уваходам размяшчаюцца паабапал сходы, якія вядуць на хоры, дзе знаходзіцца арган.
Галоўны алтар Усіх Святых — драўляны, трох’ярусны. У цэнтры — абраз Маці Божай са святымі; у бакавых нішах — статуі святых. Дэкаратыўныя элементы алтара пазалочаныя і вытрыманыя ў гатычным стылі. Канструкцыю вянчаюць трохвугольныя вімпергі, упрыгожаныя крабамі і крыжакветамі. Драўляны амбон, завершаны балдахінам з франтонам і крыжам, аздоблены прамавугольнымі філёнгамі з разеткамі і пазалочанымі кранштэйнамі з валютамі.
Крыніцы
Катэгорыя:Свянцяны Катэгорыя:Касцёлы Літвы Катэгорыя:Збудаванні Літвы ў стылі неаготыкі Катэгорыя:1898 год у Літве Катэгорыя:З’явіліся ў 1898 годзе