Эксдыві́зія (ад — «з» + divisio — «падзел») — судовая норма ў праве Вялікага Княства Літоўскага, а пазней і польскім праве, якая прымянялася пры спагнанні запазычанасці адной асобы на карысць некалькіх крэдытораў. Уведзеная прыкладна з сярэдзіны XVII стагоддзя.
У выпадку няздольнасці даўжніка вярнуць пазыкі ствараўся эксдывізарскі (эксдывізарска-таксатарскі) суд, які ладзіў ацэнку кошту маёмасці даўжніка і дзяліў яе між ягонымі крэдыторамі.
Эксдывізія маёнтка магла прызначацца ў двух выпадках: з ініцыятывы аднаго з крэдытораў; пры самастойным звароце даўжніка ў земскі суд з адпаведным прашэннем.
Калі ў выніку эксдывізіі не ўсе прэтэнзіі крэдытораў былі здаволеныя, яны атрымлівалі права спаганяць доўг з той маёмасці даўжніка, якая можа з’явіцца ў яго ў будучыні. Маёмасць перадавалася (традзіравалася) крэдыторам да поўнай сплаты пазыкі. Даўжнік меў права выкупіць маёмасць назад цягам 10 гадоў.
Эксдывізарскія суды дзейнічалі не пастаянна, былі часовымі прысутнасцямі, створанымі земскімі павятовымі або галоўнымі судамі на час разбору пэўнай справы. Аплачваць працу ўдзельнікаў такога суду мелі пазыкадаўцы; іхні заробак залежаў ад сумы іскаў крэдытораў альбо ад аб’ёму выкананай працы.
У Расійскай імперыі Да пачатку XIX стагоддзя эксдывізіі ладзіліся даволі рэдка, але ўжо ў другім дзесяцігоддзі XIX стагоддзя сталі масавай з’явай. Так, у 1797 годзе газета «Kurier Litewski» друкавала абвесткі пра дзве эксдывізіі, у 1800 — пра сем, у 1804 — пра восем, у 1811 — ужо пра 53. Маштабы росту колькасці эксдывізій і дзейнасць эксдывізараў (суддзяў эксдывізарскіх судоў) выклікалі занепакоенасць і крытыку сучаснікаў. Прыкладам, генерал Юзаф Ваўжэцкі называў працу эксдывізарскіх судоў «справядліва і ўсюды ненавіснай». З рэзкай крытыкай паводзін эксдывізараў выступаў друкаваны орган таварыства шубраўцаў «Wiadomości Brukowe». Да крытыкі гэтай практыкі звярталіся ў тым ліку літаратары Эва Фялінская ў рамане «Пляменніца і цётка», Ігнат Ходзька ў «Літоўскіх абразках». Эксдывізіі негатыўна адбіваліся на стане падзеленых гаспадарак, бо часовыя ўладары не былі зацікаўленыя ў іхнім развіцці. Такім чынам, эксдывізі былі своеасаблівым сімвалам заняпаду краю.
Нягледзячы на крытыку, эксдывізарскія судовыя працэсы дзейнічалі працяглы час пасля далучэння тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі. Гэта практыка на тэрыторыі Беларусі канчаткова была скасаваная ў 1840 годзе па замене норм права расійскімі законамі. Замест эксдывізіі быў укаранёны расійскі спосаб вяртання даўгоў: суд прадаваў маёмасць даўжніка з публічных таргоў, а атрыманыя грошы дзяліў між крэдыторамі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Права Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Права Рэчы Паспалітай