Ганна Іванаўна, у каталіцтве Соф’я () — другая жонка вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы.

Дачка гарадзецкага князя з роду цвярскіх князёў. Нарадзілася, на думку Сяргея Палехава, паміж 1404 і 1417 гадамі.

У крыніцах княгіня звычайна выступае без імя. Ганнай яна названа цвярскім летапісам у паведамленні пра шлюб са Свідрыгайлам. Выключна Ганнай княгіня называе сябе ў граматах, выданых у апошнія гады жыцця. Яе імя Соф’я звязваюць з пераходам у каталіцтва, так княгіню называе Папа Яўген IV у булах ад верасня — кастрычніка 1434 года, напэўна, такое імя княгіні ён даведаўся ад духоўніка Свідрыгайлы дамініканіна Пятра, пасланага да імператара і Папы ў красавіку 1434 года і пастаўленага ў біскупы жамойцкія. На думку Палехава, гэта і тое, што няма звестак пра ўжыванне абодвух імён разам, дазваляе не лічыць розныя імёны памылкай.

Узяўшы шлюб са Свідрыгайлам паміж 9 лістапада 1430 і 15 жніўня 1431 года, княгіня Ганна актыўна ўключылася ў прыдворнае жыццё. Пра гэта сведчаць і кантакты з ёю кіраўніцтва Ордэна, і намер польскіх уладных колаў праз княгіню завязаць кантакт са Свідрыгайлам у канцы 1431 года, і ўдзел княгіні ў падрыхтоўцы перадачы ежы і адзення вялікалітоўскім вяльможам у польскім палоне.

У маі 1432 года фогт Генрых Хольт, які тым часам быў у Княстве, хадайнічаў ад вярхоўнага магістра Паўля фон Русдарфа праз княгіню перад Свідрыгайлам за нейкага князя Аляксандра. Хольт быў знаёмы са Свідрыгайлам з пачатку XV ст. і меў з князем уласныя добрыя адносіны, таму эпізод сведчыць пра далікатнасць сітуацыі, а таксама ролю княгіні пры двары мужа. На думку Палехава, паміж Свідрыйгалам і Ганнай завязалася пэўная эмацыйная сувязь.

Падчас замаху на Свідрыгайлу ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1432 года ў Ашмянах, княгіня трапіла ў палон да змоўнікаў, па чутках, цяжарнай і ў канцы 1432 года нарадзіла ў палоне сына, які неўзабаве памёр.

У канцы 1432 года Свідрыгайла накіроўвае войскі на чале з братам Ганны — гарадзецкім князем Яраславам, каб здабыць замак, дзе трымалі жонку з дзіцём. У 1433 і 1435 гадах Свідрыгайла скардзіўся Базельскаму сабору і Папу Яўгену IV на вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча за паланенне жонкі і нягоднае стаўленне да яе. У 1434 годзе прасіў Папу Яўгена IV дазволіць жонцы карыстацца пераносным алтаром. То-бок Свідрыгайле было важна не толькі дамагчыся вызвалення жонкі, але і спрыяць выратаванню яе душы. Таксама, на думку Палехава, Свідрыгайла мог прасіць Папу пра развод, але не зрабіў гэтага.

Пытанні ўлады, аднак, пераважалі праз усё жыццё Свідрыгайлы. Пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе, Свідрыгайла найперш накіраваўся ў каронную Русь і Валынь, пэўны час быў пры двары свайго пляменніка, караля Уладзіслава III, па запрашэнні валынскай арыстакратыі ўкняжыўся ў Луцку, прымірыўся з вялікім князем Казімірам Ягелончыкам, і толькі вясной 1443 года сустрэўся з жонкай.

Зноў княгіня Ганна заняла значнае месца ў прыдворным жыцці, некалькі наданняў 1445—1451 гадоў Свідрыгайла зрабіў не толькі радай сваіх радных паноў, але і жонкі. Вялікі князь Казімір надаў «княгине Швитригайловой» Здзітаў, Гарадок Давыдаў «з паветам» і Дварэц. Пра наданні княгіні Ганне ад мужа нічога не вядома.

Па смерці мужа ў 1452 годзе, княгіня жыла ва ўладаннях нададзеных вялікім князем Казімірам. Можна думаць, актыўна гаспадарыла, пра што сведчаць яе граматы, а таксама ў нейкай ступені згадка ў фальсіфікаце канца XVII — пачатку XVIII ст., датычным Гарадка Давыдава.

У гэты час княгіня вярнулася да праваслаўя. Пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры, вядомы яе ўклад у гэты манастыр — сяло Ялавічы на Валыні. Пра гэта напэўна сведчыць і вяртанне да свайго імя Ганна.

Імаверна, княгіня ўспрымала духоўныя традыцыі і практыкі каталіцызму як чужыя і нязвыклыя, пра гэта можа сведчыць выпадак з падораным ёй вярхоўным магістрам Тэўтонскага ордэна абразом Святога Георгія: як сцвярджалі змоўнікі 1432 года, княгіня насміхалася над ім, што яны разглядалі як праяву яе «нехрысціянскага» жыцця.

Аднак па працяглым жыцці ў іншым сацыякультурным асяроддзі засвоіла некаторыя яго практыкі, княгіня карысталася пячаткай з лацінскім кругавым надпісам, што характэрна для сфрагістыкі Вялікага Княства Літоўскага.

Яшчэ 26 жніўня 1483 года кароль Казімір выдаў ліст, адрасаваны «кнѧгини Швитрикгаиловои кнѧгини Аннѣ» з загадам не забараняць людзям Івашкі Чыжэвіча трымаць карчму ў Здзітаве. Аднак ужо лістом ад 28 верасня 1484 года да старосты луцкага Алізара Шылавіча кароль Казімір дае князю маёнтак Ялавічы, што раней трымала «нябожчыца княгіня Свідрыгайлава».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Вялікія князі літоўскія