Мінскі дзяржаўны каледж рамёстваў і дызайну імя М. А. Кедышкі — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Мінску. Размяшчаецца па адрасе вуліца Сурганава, 45/1.
Гісторыя Навучальная ўстанова была заснавана ў 1924 годзе як школа фабрычна-заводскага навучання № 5 (школа ФЗН № 5). Яе мэтай была падрыхтоўка рабочых кадраў з гарадской і сельскай моладзі для прамысловасці, будаўніцтва і транспарту.
2 кастрычніка 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб дзяржаўных працоўных рэзервах СССР» школа была рэарганізавана ў школу фабрычна-заводскага навучання № 24 будаўнікоў Мінскай вобласці.
20 снежня 1968 года Пастановай Савета Міністраў БССР № 389 і загадам Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па прафтэхадукацыі ад 23 снежня 1968 года Гарадскому прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу № 24 (ГПТВ № 24) будаўнікоў было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Аляксандравіча Кедышкі.
1 верасня 2002 года, у адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама № 849 ад 18 чэрвеня 2002 года, адбылася рэарганізацыя Мінскага ПТВ-24 шляхам далучэння да яго Вучэбна-прафесійнага цэнтра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У 2007 годзе вучылішча было пераўтворана ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. А. Кедышкі (МДПТК ДПМ імя М. А. Кедышкі).
20 кастрычніка 2022 года рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ўстанова адукацыі перайменавана ў Мінскі дзяржаўны каледж рамёстваў і дызайну імя М. А. Кедышкі.
Музей 9 лютага 2024 года ў каледжы адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-этнаграфічнага музея «На межах часу».
Экспазіцыя музея ўзнаўляе інтэр’ер сялянскай хаты другой паловы ХХ стагоддзя. У асноўным фондзе налічваецца 160 экспанатаў (па стане на 2024 год). Сярод іх ёсць даваенныя рэчы, але большасць адносіцца да сярэдзіны 1950-х гадоў. Калекцыя ўключае прадметы побыту сялян, прылады працы рамеснікаў, ткацкія вырабы, вышыўку. Акрамя аўтэнтычных рэчаў, у музеі прадстаўлена сучасная кераміка і драўляная мэбля, вырабленая навучэнцамі каледжа.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Каледжы Мінска Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Мікалая Кедышкі Катэгорыя:Вуліца Сурганава (Мінск) Катэгорыя:1924 год у Мінску