Валенцій Ваўчацкі (; 1740, Вільня — пасля 8 студзеня 1809) — рымска-каталіцкі дзеяч, біскуп, мецэнат.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1740 годзе ў Вільні (паводле іншых звестак — у 1741 годзе). У маладосці ўступіў у Ордэн дамініканцаў. 2 сакавіка 1766 года пасвечаны ў дыяканы, пазней — у святары. Служыў у Віленскай дыяцэзіі, быў узведзены ў сан каноніка.

6 чэрвеня 1774 года Папам Рымскім Кліментам XIV прызначаны тытулярным біскупам тамасаскім (Tamasus) і біскупам-суфраганам віленскім. Біскупскае пасвячэнне адбылося 21 жніўня 1774 года. Галоўным кансэкратарам быў тытулярны архібіскуп бейруцеі і будучы кардынал Джузэпэ Гарампі, яму асіставалі біскуп холмскі Антоні Ануфрый Акецкі і біскуп смаленскі Габрыэль ВадзынскіBishop Walenty Wołczacki, O.P. † // catholic-hierarchy.org .

Валодаў маёнткам Цехановішкі. У канцы XVIII стагоддзя прадаў суседні фальварак Мазурышкі з вёскамі Каплічнікі і Лойцы.

Быў спадчынным уладальнікам (дзедзічам) маёнтка Судэрва і першым пробашчам мясцовай парафіі. У 1784 годзе выдзеліў на карысць касцёла 3000 рублёў, забяспечаных маёнткам Судэрва. Вырашыў на ўласныя сродкі пабудаваць у Судэрве мураваную каталіцкую святыню замест старога драўлянага касцёла Святых Пятра і Паўла.

Падмуркі новага храма былі закладзены ў 1803 годзе. Будаўніцтва зацягнулася: сцены былі ўзведзены ў 1812 годзе (ужо пасля смерці фундатара), а новы касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў завершаны толькі ў 1822 годзе і кансэкраваны ў 1834 годзе. Да фінансавання будаўніцтва далучыліся княгіня Тэадора Сапега () і спадчыннік біскупа Іпаліт Воўк-Ланеўскі ().

Гэта адзіны ў Літве касцёл, які ў плане мае форму круга (ратонда). Звычайна аўтарства праекта прыпісваецца архітэктару Лаўрын Гуцэвічу, хоць іншыя даследчыкі схіляюцца да думкі, што яго спраектаваў дамініканец Ваўжынец Барткевіч. Першым фундатарам лічыцца біскуп Валенцій Ваўчацкі, пра што сведчыць і надпіс у інтэр’еры касцёла.

Памёр пасля 8 студзеня 1809 года.

Крыніцы

Спасылкі

Bishop Walenty Wołczacki, O.P. † // catholic-hierarchy.org

Катэгорыя:Каталіцкія біскупы Катэгорыя:Дамініканцы Катэгорыя:Мецэнаты Літвы Катэгорыя:Памерлі ў 1809 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1740 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вільні Катэгорыя:Дапаможныя біскупы віленскія