Алі Мухамад Алі Абд-аль-Рахман (; нар. 1949), больш вядомы як Алі Кушайб, — старэйшы камандзір суданскага апалчэння «Джанджавід», удзельнічаў у вайне ў Дарфуры на баку прэзідэнта Амара аль-Башыра. Абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. Дзейнічаў у г. Вадзі-Саліх, Заходні Дарфур.
27 лютага 2007 года галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Луіс Марэна Акампа прад’явіў Алі Кушайбу абвінавачванні ў злачынствах супраць грамадзянскага насельніцтва ў Дарфуры ў 2003—2004 гадах, а менавіта ў загадах аб забойствах, згвалтаваннях і рабаваннях. 27 красавіка на яго, а таксама на Ахмеда Харуна выдадзены ордар. У красавіку 2008 года Кушайб вызвалены з-пад варты ў Судане, але ў кастрычніку зноў арыштаваны. У пачатку 2013 года стаў камандзірам Цэнтральных рэзервовых сіл у Паўночным Дарфуры.
У лютым 2020 года пераехаў у Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, асцерагаючыся пераследу з боку новых суданскіх уладаў. 9 чэрвеня быў перададзены міжнароднаму правасуддзю пасля добраахвотнай здачы ўладам ЦАР.
У кастрычніку 2025 года прызнаны вінаватым па 27 пунктах абвінавачвання ў забойстве, злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах. Абвінавачванне будавалася на паказаннях 81 сведкі і 1521 доказе, былі прадстаўлены дакументы ААН і ўрада Судана, спадарожнікавыя здымкі, фота, відэа, пасты ў сацыяльных сетках. 9 снежня прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Гэта быў першы прысуд па справе вайны ў Дарфуры, а таксама першы прысуд, які Савет Бяспекі ААН перадаў у Міжнародны крымінальны суд. Таксама прызнаны вінаватым у дыскрымінацыі народа фор.
Крыніцы
Катэгорыя:Ваенныя злачынцы Катэгорыя:Дарфурскі канфлікт