Віціна — даўняе рачное пласкадоннае грузавое судна вялікіх памераў. Віціны хадзілі пераважна па Нёмане і ў ніжнім цячэнні некаторых яго прытокаў (напрыклад, Шчары), і перавозілі збожжа, пяньку і льняное валакно, тлушч, сала, смалу, дзёгаць, спірт, піламатэрыялы і іншыя цяжкія масавыя (нетэрміновыя) тавары з заходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (беларускага і літоўскага Панямоння) ў Мемель, Кенігсберг, Гданьск. Назад з Прусіі везлі соль, селядцоў, віно, мэблю, прадметы раскошы, каланіяльныя тавары (каву, экзатычныя фрукты, спецыі) і іншае. Рачныя судны, якія хадзілі па Віліі, Прыпяці і Дзвіне, і мелі свае канструктыўныя і функцыянальныя асаблівасці і аўтэнтычныя мясцовыя назвы, некаторыя аўтары часам таксама называлі «віцінамі» па аналогіі, бо гэта назва найбольш вядомая і сімвалічна значная.
Этымалогія Сустракаўся і варыянт віціма, а таксама віцін або віцім. Пра паходжанне віцім няма аднаго меркавання, на думку Макса Фасмера, гэта зваротнае запазычанне са славянізма ў літоўскай vitinė 'плыт'. Этымалогія ўласна віціна таксама застаецца няяснай. Аляксандр Брукнер лічыў слова беларуска-літоўскім. Пранас Скарджус адносіў да запазычанняў з літоўскай (віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і аргументам указваў на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але семантычна і словаўтваральна літоўскае і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаімаверныя; параўнальна з польскім okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’. Фасмер дапускаў славянскае паходжанне віціна і роднаснасць з ветвь, ви́твина. Таксама ў беларускіх дыялектах віціна сустракалася ў значэннях 'прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі' або 'перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце'.
Гісторыя Паводле Мацея Стрыйкоўскага, князь Вітаўт выкарыстоўваў віціны і лодкі, каб дапамагчы свайму гарнізону, абложанаму ў Гродне ў 1390 годзеLitwin, J. (2000). Die Memel, Wittinen und die Binnenschiffahrt nach Königsberg. Deutsches Schiffahrtsarchiv, 23, 373—394. https://nbn-resolving.org/urn:nbn:de:0168-ssoar-55818-7. Аднак, гэта адптацыя Стрыйкоўскім звестак Длугаша пад рэаліі свайго часу, у Длугаша віціны не згадваюцца. Статут ВКЛ 1588 года (разд. 1, арт. 31) вызначаў ижъ естли бы в которомъ краю в томъ панстве нашомъ, великомъ князстве литовскомъ, река портовая была, которою бы до местъ нашых головныхъ спустъ быти могъ, а прочищен[ь]я бы потребовала, тогды старостове и державцы добръ нашихъ, где такая река через кгрунты наши идеть, поддаными нашими повинни будуть оную реку вычистити и порътъ направити такъ, яко бы се ею комяги, витины, судна воденые и плоты дерева, на будованье и на дрова годного, без завады проходити могли.
Раннія віціны не мелі палубы. Віціна XVIII стагоддзя, апісаная ў крыніцах, ужо мела палубу і крыты трум у сярэдняй частцы судна. Трум і месцы экіпажа размяшчаліся пад пярэдняй палубай. Пакой капітана быў на карме. Паводле Зыгмунта Глогера, на носе (які называлі «штаба» і дзе складвалі ліны) знаходзілася памяшканне пісара — «шафарня», а карму называлі «рупа». Мачту прывязвалі да слупа, які называўся «хлопцам». У сучаснай Літве ў Нёмане (каля вострава Пастраюс паблізу Мерачы) знойдзены рэшткі віціны XVIII стагоддзя даўжынёй каля 55 метраў. Такую віціну цягнулі ўверх па плыні ў верхнім цячэнні Нёмана больш за 100 чалавек па абодвух берагах ракі. Працаўнікоў, якіх наймалі цягнуць віціны ўручную ўверх па рацэ, называлі віціннікаміLeszek Bednarczuk. O słownictwie żeglarskim na Niemnie // Annales Universitatis Paedagogicae Cracoviensis Studia Logopaedica IV (2011). S. 29..
У XIX ст. даўжыня віцін магла дасягаць 55 метраў, але большасць была карацей, шырыня — 5-8,5 метраў, а вышыня — каля 2 метраў. Віціны маглі перавозіць да 250 тон грузу Вицина // Морской энциклопедический справочник / Н. Н. Исанин. — Л.: «Судостроение», 1987. — Т. 1. — С. 126. — 512 с. — 30 000 экз.. Корпус меў выгнутае дно, прыпадняты нос і нахіленую карму. Абшыўку рабілі з дошак, пакладзеных у стык і ўшчыльненых мохам. Віціна мела адну мачту, усталяваную наперадзе, з квадратным ветразем. Кіраванне забяспечвала стырно — доўгае рулявое вясло, усталяванае на карме.
Па апісаннях сучаснікаў XIX ст., калі віціна ішла ўніз па рацэ з грузам 12 000 пудоў (каля 196,5 тон) яе асадка дасягала 1,75 аршына (1,25 метра), а падчас ходу супраць плыні ўлегцы асадка складала прыкладна 0,75 аршына (0,53 метра). Віціны былі найбольш грузапад’ёмнымі суднамі на Нёмане, па якім хадзілі таксама іншыя тыпы суднаў — баркі, байдакі, галяры, стругіАркадзь Смоліч. Географія Беларусі. Выд. 2-е. — Вільня: Выдавецтва Б. А. Клецкіна, 1922. — С. 64..
Віціны будаваліся ў асноўным у вярхоўях Нёмана (у Стоўбцах, Свержані, Беражне) і на ШчарыА. Корева. Вицины // Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерния. — СПб.: Типография Иосафата Огризко, 1861. — 123 с.. На верхнім Нёмане будаўніцтвам віцін займалася і лясная адміністрацыя Радзівілаў. У XVII ст. найлепшым матэрыялам для пабудовы лічылі дубовыя «крывулі», але іх не заўжды хапала. Віціны не заўжды добра перажывалі зімоўкі і часта патрабавалі сур’ёзнага рамонту. Сярэдні тэрмін службы складаў каля 5 гадоўBohdan Dederko. Handel towarem leśnym na Litwie i Białorusi w XVII wieku // Sylwan, 1962, No. 6. S. 54-55.. Паводле «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунта Глогера, тэрмін службы віціны быў да 10 гадоў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя яна каштавала 1 000—1 200 рублёў. Як вызначылі Андрэй Вашкевіч і Аляксандр Радзюк, на пачатку ХІХ ст. віціны будавалі з выкарыстаннем трох парод дрэва, аснову закладалі дубовай, большую частку іншых дэталяў рабілі з сасны, а мачту і стырно рабілі з яліныАляксандр Радзюк. Андрэй Вашкевіч. Эпізод гісторыі суднаходства ў Гродзенскай губерні // Białoruskie Zeszyty Historyczne [Беларускі гістарычны зборнік], 2014, T. 41. S. 202..
Экіпаж віціны мог быць да 12 чалавек. Навігацыя пачыналася ў раёне Стоўбцаў і Жукава Барка, дзе цераз Нёман праходзіў даўні сухапутны шлях з Берасця на Менск, транспартны вузел прыцягваў тавараабарот са значнай тэрыторыі, з перавалкай на віціны або з іх. Лічылі, што лепшыя праваднікі (лоцманы) са Шчорсаў. Значнымі прыстанямі на шляху віцін былі Масты, Гародня і Коўна дзе таксама адбывалася дагрузка (на зваротным шляху — частковая разгрузка) тавараў.
Уладзіслаў Сыракомля ў краязнаўчым эсэ «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) успамінаў, што дарогай з Прусіі ўверх па Нёмане тыповая каюта капітана віціны часта была застаўленая дарагой мэбляй, жырандолямі і іншымі прадметамі раскошы. Усё гэта падавалася на мытні як інтэр’еры судна, каб унікнуць мыта на карысць Расійскай імперыі, а пры прыбыцці ў Гродна прадавалася, у чарговы рэйс у Прусію віціна ішла ізноў з убогім інтэр’ерам.
Поўны час сплаву віціны з верхняга Нёману ў Прусію і вяртання назад займаў каля 5 месяцаў.
400-гадовую гісторыю суднаходства віцінамі па Нёмане спыніла Першая сусветная вайна і яе наступствы — нямецкая акупацыя 1915—1918 гадоў, а канчаткова ўсталяванне польска-літоўскай мяжы ў 1920 годзе.
У культуры Згадкі віцін, паводле літоўскіх краязнаўцаў, ёсць у творах пачынальнікаў літоўскага пісьменства XVI—XVII стагоддзяў Марцінаса Мажвідаса, Мікалоюса Даўкшы, Канстанцінаса Шырвідаса.
У ХІХ стагоддзі віціны часта згадвалі ў паэтычных творах і краязнаўчай літаратуры (у творах Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Якуба Коласа і іншых) і ўспрымалі як адзін з сімвалаў Нёмана і гістарычнай Літвы. Напрыклад, у вершы Чачота «Праснічка», пакладзеным на музыку Станіславам Манюшкам, які стаў адной з самых вядомых польскіх песень, малады чалавек «пайшоў з віцінай у Каралявец», а каханая неўзабаве на яго забылася. Згаданы віціны ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і некаторых іншых яго творах, напрыклад, у вершы «Плытнікі»:
Клунак за плячамі, Згорбленыя спіны, - Валіць чарадамі Люд на сплаў, віціны. Босыя іх ногі, Твар іх загарэлы, Вопратка убога, Чуць прыкрыты целы.
Віціна — асноўная фігура гербаў Стоўбцаў і Друі.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура Андрей Киштымов Гродно и неманский водный путь. Конец XVIII — начало ХХ вв. // Гарадзенскі палімпсест. Горадня-Беласток, 2008 — С. 136—144.
Спасылкі
Катэгорыя:Тыпы суднаў і караблёў Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон