Гарманіза́цыя — выяўленне танальна-функцыянальнай сутнасці пэўнай мелодыі і суправаджэнне яе адпаведнымі акордамі.

Асноўныя прынцыпы Галоўныя прынцыпы гарманізацыі (функцыі акордаў, ладава-танальныя адхіленні, мадуляцыі і інш.) вызначаюцца ладава-інтанацыйнай будовай самой мелодыі. Пэўная мелодыя можа быць гарманізавана па-рознаму (гарманічнае вар’іраванне), што з’яўляецца вынікам яе разнастайнай мастацкай інтэрпрэтацыі.

Гарманічнае вар’іраванне ў межах пэўнай музычнай структуры — фактар развіцця, абнаўлення музыкі. Гарманізацыя раскрывае не толькі багацце мелодыі, але і магчымасці гармоніі, яе ўплыў на розныя сродкі музычнай выразнасці, што відавочна ў разнастайных транскрыпцыях, парафразах, фантазіях, варыяцыях.

Гарманізацыя народных мелодый Асаблівае значэнне мае гарманізацыя народных мелодый. Калі пры гарманізацыі народнай мелодыі адбываецца поліфанізацыя фактуры і ў параўнанні з першакрыніцай ускладняецца музычная форма, больш правамерна гаварыць пра апрацоўку народнай мелодыі, чым пра ўласна гарманізацыю, хоць часта гэтыя тэрміны атаясамліваюць.

У музычнай адукацыі Гарманізацыя мелодый (рашэнне гарманічных задач) — аснова навучання ў курсе практычнай гармоніі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Музычная тэрміналогія Катэгорыя:Гармонія Катэгорыя:Тэорыя музыкі