Гало́ўны архі́ў старажы́тных а́ктаў (ГАСА; , ) — цэнтральны дзяржаўны архіў у Варшаве, створаны ў 1808 годзе. Захоўвае найбольш каштоўныя дакументы пра дзейнасць вышэйшых улад Польскай дзяржавы, пачынаючы з XII стагоддзя.
Гісторыя Заснаваны 2 верасня 1808 года герцагам варшаўскім Фрыдрыхам Аўгустам як Агульнакраёвы архіў (). З 1816 па 1889 год насіў назву Галоўны архіў Польскага Каралеўства (). Да 1918 года называўся Варшаўскім галоўным архівам старажытных актаў Каралеўства Польскага, а з 1918 года атрымаў сучасную назву.
Сядзіба У 1831—1944 гадах сядзібай архіва быў будынак Мытнай каморы на вуліцы Доўгай, 24. Будынак быў спалены ў 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны.
Пасля заканчэння вайны архіў часова размяшчаўся ў палацы «Пад бляхай», а прылеглая да яго Каралеўская бібліятэка ў Каралеўскім замку была прыстасавана пад сховішча. У 1952—1953 гадах фонды паступова пераносіліся ў палац Рачынскіх (вул. Доўгая, 7), які стаў пастаяннай сядзібай ГАСА.
Ваенныя разбурэнні Перад 1939 годам архіўны фонд чатырох варшаўскіх архіваў (Галоўнага архіва старажытных актаў, Архіва старажытных актаў, Скарбовага архіва і Архіва асветы) налічваў каля 20 тысяч пагонных метраў спраў.
Па стане на 31 жніўня 1939 года зборы Архіва старажытных актаў налічвалі прыблізна 600 тысяч кніг, сшыткаў, актаў і карт (каля 10 тысяч пагонных метраў). У верасні 1939 года большасць памяшканняў Скарбовага архіва была знішчана. Ацалелыя дакументы ў 1940 годзе былі аб'яднаны ў будынку на вуліцы Падвале, 15. Паводле нямецкай справаздачы ліпеня 1942 года, Скарбовы архіў утрымліваў 24 197 тамоў кніг і больш за 100 дакументаў.
Каля 90 % гэтых збораў згарэла падчас Варшаўскага паўстання ад бамбёжак і ў выніку наўмыснага падпалу сховішчаў салдатамі Вермахта 2 верасня 1944 года.
Фонды Сучасны архіў захоўвае дакументы, якія храналагічна ахопліваюць перыяд ад XII стагоддзя да Першай сусветнай вайны (за выключэннем прыватных архіваў і метрычных кніг з тэрыторый, далучаных да СССР, так званых «Забужанскіх»).
Зборы ўключаюць архіваліі польскіх і іншаземных (акупацыйных) улад, устаноў, цэнтральных і правінцыйных інстытутаў, а таксама сямейныя архівы з тэрыторый: Рэч Паспалітая (Карона, Літва); Каралеўства Прусія (Паўднёвая і Новаўсходняя Прусія); Французская імперыя (Варшаўскае княства); Расійская імперыя (Каралеўства Польскае); Аўстра-Венгрыя (Галіцыя).
Самы старажытны дакумент датуецца 1155 годам.
У 1998 годзе ГАСА налічваў больш за 300 тысяч архіўных адзінак у 392 фондах (каля 6 пагонных км). Сучасны фонд уключае таксама рэшткі збораў, знішчаных падчас Другой сусветнай вайны, матэрыялы, перанятыя дзяржаўнай архіўнай службай (у тым ліку прыватныя архівы, напрыклад, Радзівілаў), а таксама архіваліі, вернутыя ў 1960-х гадах (напрыклад, калекцыя Цэнтральных рэлігійных улад).
Дакументы па гісторыі Беларусі Сярод найбольш каштоўных дакументаў, што датычаць Беларусі, у архіве захоўваюцца: Асобныя кнігі Метрыкі ВКЛ, сумарыуш і копія метрыкі сярэдзіны XVIII стагоддзя; Пергаментныя дакументы з Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў (каралеўскія і прыватныя, XVI—XVIII стст.); Радавыя архівы Патоцкіх з Радзыні (1500—1841), Браніцкіх (1526, 1661—1790), Панятоўскіх (1461—1797), Патоцкіх з Яблоны (1486—1926), Пшаздзецкіх (1539—1729), Радзівілаў з Паланечак (XV—XIX стст.), Фашчаў (1583—1865), Прозараў і Ельскіх (1624—1915); Маянтковыя архівы.
У аддзеле картаграфічных фондаў маецца збор планаў і картаў тэрыторыі Беларусі.
Структура Архіў складаецца з пяці аддзелаў: Аддзел I: Акты ўлад, упраўленняў і грамадскіх інстытутаў да 1795 года. Аддзел II: Акты ўлад, упраўленняў і грамадскіх інстытутаў 1795—1918 гадоў. Аддзел III: Акты сем'яў і прыватных асоб, а таксама іх уладанняў. Аддзел IV: Картаграфічныя зборы. Аддзел V: Інфармацыя, улік і прадастаўленне доступу да фондаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Архівы Польшчы Катэгорыя:Арганізацыі Варшавы Катэгорыя:1808 год у Польшчы