Пала́ц «Пад бля́хай» (), таксама пала́ц Любамі́рскіх — познебарочны палац, які знаходзіцца каля падножжа Каралеўскага замка ў Варшаве.
Гісторыя У 1651 годзе каралеўскі збройнік Ваўжынец Рэфус распачаў на месцы цяперашняга палаца будаўніцтва аднапавярховай камяніцы.
Пасля знішчэння ў 1657 годзе войскамі Дзьёрдзя Ракацы будынак быў адбудаваны і ў 1698—1701 гадах перабудаваны для падкаморыя вялікага кароннага Ежы Дамініка Любамірскага з даданнем паўднёвага крыла. У 1720—1730 гадах палац быў зноў перабудаваны ў стылі позняга барока архітэктарам Якубам Фантанам. Былі дабудаваны два бакавыя крылы, а будынак замест дахоўкі пакрылі нетыповай для таго часу бляхай, дзякуючы якой ён і атрымаў сваю назву. Фасад быў упрыгожаны чатырма карынфскімі калонамі. У такім выглядзе будынак захаваўся да нашых дзён.
У 1776 годзе палац быў набыты каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім для размяшчэння прыдворных і ўключаны ў комплекс замкавых пабудоў. Тут, сярод іншых, пражываў маршалак вялікі каронны Міхал Ежы Мнішак. Паўночнае крыло было надбудавана на два паверхі і злучана з Каралеўскай бібліятэкай. У 1794 годзе кароль перадаў палац свайму пляменніку, князю Юзафу Панятоўскаму, які пераехаў туды ў 1798 годзе.
З 1798 года палац стаў адным з самых вядомых салонаў Варшавы, месцам правядзення пышных прыёмаў, баляў і тэатральных паказаў. Пасля таго, як у 1806 годзе Варшаву пакінула пруская адміністрацыя, князь прымаў тут, сярод іншых, маршала Францыі Іаахіма Мюрата. Пасля прызначэння Панятоўскага ваенным міністрам Варшаўскага герцагства ў 1807 годзе, палац стаў яго рэзідэнцыяй і канцылярыяй.
Пасля смерці князя Юзафа Панятоўскага ў 1813 годзе палац перайшоў у спадчыну да яго сястры Марыі Тэрэзы Тышкевіч, якая ў 1820 годзе прадала яго цару Аляксандру I. У будынку размясціліся кватэры і пакоі замкавай службы, а таксама ўстановы варшаўскіх генерал-губернатараў.
З 1926 па 1939 год у палацы размяшчаліся офісы Канцылярыі Прэзідэнта і кватэры. Падчас Другой сусветнай вайны асноўны корпус і паўднёвае крыло палаца былі спалены немцамі. Пасля вайны ў паўночным крыле часова размяшчаўся Галоўны архіў старажытных актаў, а ў 1947 годзе — бюро будаўніцтва трасы W-Z. Палац быў адноўлены ў 1948—1949 гадах па праекце Станіслава Барана.
У 1951—1988 гадах у палацы размяшчалася сядзіба галоўнага архітэктара Варшавы. У 1988 годзе ён быў перададзены Каралеўскаму замку.
У 2004—2008 гадах палац быў адрамантаваны і прыстасаваны для музейных і адукацыйных функцый. Пастаяннымі экспазіцыямі з’яўляюцца выстава ўсходніх дываноў Фонду Тэрэзы Саакян і апартаменты князя Юзафа Панятоўскага.
Важнейшыя памяшканні Так званая «Масонская ложа» — сутарэнне памерам 14 на 5 метраў з цыліндрычным скляпеннем з шасцю люнетамі. У паглыбленнях знаходзяцца каменныя фігуры, у тым ліку Зеўса, Геракла, Арэса, Дэметры і Афіны. Аднак няма ніякіх доказаў таго, што памяшканне выконвала функцыі масонскай ложы. Магчыма, яно служыла для захоўвання віна.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Палацы Варшавы Катэгорыя:Збудаванні Варшавы ў стылі барока Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Якуба Фантана Катэгорыя:З’явіліся ў 1651 годзе Катэгорыя:1720-я ў Польшчы