Расі́йскі дзяржа́ўны архі́ў старажы́тных а́ктаў (РДАСА; ) — найбуйнейшае расійскае сховішча рускіх манускрыптаў, дакументаў і рукапісных кніг XI — пачатку XX стагоддзя. Размешчаны ў Маскве па адрасе Вялікая Пірагоўская вуліца, д. 17.

Гісторыя Архіў склаўся на базе пяці асноўных гістарычных архіваў Расійскай імперыі: Маскоўскі архіў Міністэрства юстыцыі (утвораны ў 1852 годзе); Маскоўскі галоўны архіў Міністэрства замежных спраў (МГАМЗС); Дзяржаўны архіў Міністэрства замежных спраў (з 1917 года — Дзяржаўны архіў Расійскай імперыі); Маскоўскае аддзяленне Агульнага архіва Міністэрства імператарскага двара; Архіў Межавой канцылярыі (у 1919—1939 гадах — Цэнтральны межавы архіў).

У 1918 годзе дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыдычнай і гісторыка-культурнай секцый Адзінага дзяржаўнага архіўнага фонду. Годам заснавання сучаснага архіва лічыцца 1925 год, калі чатыры з вышэйзгаданых архіваў (за выключэннем Цэнтральнага межавога) былі зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддзялення Цэнтральнага гістарычнага архіва РСФСР. Сюды ж былі далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды.

У 1931 годзе Старажытнасховішча было ператворана ў Дзяржаўны архіў феадальна-прыгонніцкай эпохі (ДАФПЭ), у склад якога ў 1938—1939 гадах увайшоў і Цэнтральны межавы архіў. У 1941 годзе архіў перайменаваны ў Цэнтральны дзяржаўны архіў старажытных актаў (ЦДАСА; у 1985—1991 гадах называўся ЦДАСА СССР). З 1992 года носіць сучасную назву.

Фонды Архіў зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтральнага і мясцовага кіравання Расійскай дзяржавы і Расійскай імперыі да адміністрацыйных рэформ канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваеннай калегій), цэнтральных межавых устаноў Расіі XVIII — пачатку XX стагоддзя, дакументы дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы. Таксама ў ім знаходзяцца зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рускага і іншых народаў Расійскай імперыі, зборы рускіх і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні XV—XIX стагоддзяў.

Сярод найбольш каштоўных дакументаў — дагаворная грамата Вялікага Ноўгарада з вялікім князем цвярскім і ўладзімірскім Яраславам Яраславічам (1264), спісы Рускай Праўды, Судзебніка 1497 года Івана III, Судзебніка 1550 года Івана IV, сапраўдны слупок Саборнага ўлажэння 1649 года.

Дакументы па гісторыі Беларусі РДАСА мае вялікае значэнне для беларускай гістарыяграфіі. Тут захоўваецца асноўная частка Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламатычныя адносіны і ваенныя канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць расійскай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі, перапісы беларускага насельніцтва.

Архіў змяшчае звесткі пра гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі, сувязі рускай і беларускай цэркваў XVI—XVIII стагоддзяў, выдачу прывілеяў беларускім гарадам і іншае. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы беларускіх асветнікаў, у тым ліку Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф. Скарыны і беларускіх друкароў XVI—XVIII стагоддзяў.

Будынак Будынак архіва пабудаваны ў 1886 годзе на Дзявочым полі і стаў першым у Расіі будынкам, пабудаваным спецыяльна для архіва.

Крыніцы

Літаратура

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. — М., 1997. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. — Мн., 1990.

Спасылкі

Катэгорыя:Архівы Расіі Катэгорыя:Федэральныя архівы Расіі Катэгорыя:Архівы Масквы Катэгорыя:Хамоўнікі Катэгорыя:1925 год у Маскве