Мухамор тоўсты (Amanita spissa) — від шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства мухаморавых.

Апісанне Ножка часта карацейшая за дыяметр шапачкі, тоўстая, з уздутай асновай. Шапка 6-10 см у дыяметры, паўкуляватая, пазней пляската-пукатая, да распасцёртай, шэра-рудзявая, у цэнтры больш цёмная, укрытая густымі, крыху шэрымі бародавачкамі. Пласцінкі слабапрырослыя, густыя, белыя. Ножка ля асновы белая ці шэрая, над колцам з мучністым налётам і падоўжанай паласатасцю, пад ім камякавата-лусковая, суцэльная, потым пустая. Колца мяккае, паласатае, белае або шэрае. Похва рыхлая, прырослая да асновы ў выглядзе некалькіх камякавата-лусковых шэрагаў. Споры шырокаавальныя.

Пашырэнне Пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар'я, таксама сустракаецца ў Новай Зеландыі. Распаўсюджаны ў Польшчы і Беларусі, расце ў хвойных лясах, пладаносіць у жніўні-верасні.

Спажываюцца пасля адварвання, без адвару (булёну).

Літаратура Грыбы і грыбная кулінарыя: папулярны энцыклапедычны даведнік / Г. Сяржаніна, І. Яшкін. — Мінск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — 387 с. — ISBN 985-6081-34-3.

Катэгорыя:Мухамор