Адам Прот А́снык (, псеўданімы: Jan Stożek, El...y; , Каліш — , Кракаў) — польскі паэт, эсэіст, драматург, публіцыст, які лічыцца адным з найвыдатнейшых паэтаў пазітывізму. Удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, член Нацыянальнага ўрада (1863). Доктар філасофіі (1866). У 1889—1894 гадах рэдактар газеты «Nowa Reforma», ініцыятар і першы старшыня Таварыства народнай школы (1891), галіцкі палітычны дзеяч.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкай сям'і. Сын Казіміра, удзельніка Лістападаўскага паўстання, які пасля адбыцця ссылкі асеў у Калішы і займаўся гандлем скурамі (на чым нажыў значны маёнтак, а затым адкрыў гасцініцу і кнігарню), і Канстанцыі з Загураўскіх. Быў ахрышчаны ў мясцовым касцёле Святога Мікалая; хросным бацькам Адама стаў Валенты Станчукоўскі.
У 1849 годзе пачаў навучанне ў Вышэйшай рэальнай школе ў Калішы, дзе пасябраваў, між іншым, з братамі Агатам і Стэфанам Гілерамі і дзе ў 1853 годзе здаў экзамен на атэстат сталасці. У Калішы жыў да 1856 года, пасля чаго выехаў у Варшаву, дзе паступіў у Інстытут сельскай гаспадаркі і лесніцтва ў Марымонце (1856), затым вучыўся ў Медыка-хірургічнай акадэміі ў Варшаве (1857—1859) і на медыцынскім факультэце Уроцлаўскага ўніверсітэта (1859—1860). У час вучобы ва Уроцлаве дзейнічаў у Літаратурна-славянскім таварыстве. Працягваў адукацыю ў Парыжы (1861) і Гейдэльбергу (1861—1862), дзе вывучаў філалогію і сацыяльную эканоміку.
З маладосці быў уцягнуты ў канспіратыўны рух. У 1860 годзе быў арыштаваны і зняволены ў X павільёне Варшаўскай цытадэлі. У час Студзеньскага паўстання быў членам радыкальнага вераснёўскага Нацыянальнага ўрада. Пасля яго падаўлення ў 1864—1867 гадах знаходзіўся за мяжой: у Італіі і Германіі. У 1866 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі і палітычных навук у Гейдэльбергскім універсітэце. Пасля вяртання на радзіму з 1867 года жыў у Львове, а ў 1870 годзе асеў у Кракаве, дзе жыў да самай смерці.
Пасяліўся ў набытым бацькамі маёнтку на вуліцы Лабзоўскай, 99 (цяпер там стаіць дом № 7). У 1871 годзе памерла яго маці, а бацька выехаў у Варшаву. У 1875 годзе ажаніўся з Зоф'яй Качароўскай, з якой меў сына Уладзіміра. Паводле іншых крыніц, шлюб адбыўся ў 1874 годзе. Усяго праз год пасля вяселля, у 1875 годзе, жонка паэта памерла.
У студзені 1882 года стаў выдаўцом кракаўскага штодзённіка «Reforma», перайменаванага ў лістападзе таго ж года ў «Nowa Reforma», адказным рэдактарам якога быў са снежня 1889 па студзень 1895 года. З 1883 года быў радным горада Кракава. У 1889 годзе абраны паслом у Галіцкі краёвы сейм. У 1890 годзе ўзначальваў камітэт па пераносе праху Адама Міцкевіча з Парыжа ў Кракаў. Быў адным з заснавальнікаў Таварыства народнай школы ў Кракаве (1882) і ганаровым членам ТНШ. З 1894 года ганаровы член Таварыства Польскага нацыянальнага музея ў Раперсвілі.
Здзяйсняў высакагорныя экспедыцыі ў Татры — быў адным з першых членаў Татранскага таварыства. Шмат падарожнічаў па Еўропе. У 1888 годзе здзейсніў падарожжа ў Італію, на Сіцылію, Мальту і паўночнае ўзбярэжжа Афрыкі, якое завяршылася ў Марселі. У 1894 годзе наведаў Цэйлон і Індыю. У 1897 годзе выехаў у Італію для лячэння туберкулёзу, адкуль вярнуўся з пачаткам тыфу.
Памёр 2 жніўня 1897 года ў Кракаве. Пахаваны ў Крыпце заслужаных на Скалцы.
Творчасць
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1864—1865 гадах. Дэбютаваў у 1865 годзе ў львоўскім «Літаратурным дзённіку» (польск.: Dziennik Literacki). Тады ж выдаў паэму «Сон магіл» (Sen grobów), якая адносілася да Студзеньскага паўстання. Паводле іншых крыніц, дэбютаваў як паэт ужо ў 1864 годзе, публікуючы свае творы пад уласным прозвішчам, а таксама пад шматлікімі псеўданімамі і крыптанімамі: Jan Stożek, El, El…a, A, Y, y, √.
Вершы друкаваў у зборніках пад назвай «Паэзія» (1869, 1872, 1876, 1880, 1881, 1884, 1888, 1894). Яго лірыка гэтага перыяду была выразам духоўных пакут паэта, які перажываў светапоглядны крызіс, паглыблены нацыянальнай паразай. З'яўляліся вершы, поўныя блюзнерства («Адказ»), бунту супраць Творцы і ўсталяванага парадку свету («Юльян Адступнік»), горычы і сумнення («У заліве Бая»), крытычнага разліку з палітычным рамантызмам (згаданы «Сон магіл»). Побач з імі ўзнікалі творы, якія выражалі тугу па «сіле духу», жаданне адраджэння «сучаснай душы» аж да пакорнага падпарадкавання наказам Хрыстовага вучэння («Пад стопы крыжа»).
Каля 1870 года пачаў пошук уласнага творчага шляху. Пісаў тады эротыкі, вершы па матывах народнай творчасці, рэфлексіўную лірыку. Менавіта ў 1870 годзе на старонках газеты «Kaliszanin» апублікаваў верш «Роднаму гораду» (у гэтай жа газеце і ў тым жа годзе дэбютавала Марыя Канапніцкая).
З часам у творах Асныка пачаў дамінаваць эпічны падыход; замест лірычнага вобраза чалавечых перажыванняў з'явіўся аб'ектывізаваны эпічны вобраз свету, рэфлексія ўсё часцей замяняла лірычны каментар. Найбольш поўным выразам гэтай інтэлектуалізаванай паэзіі з'яўляецца цыкл з 30 санетаў «Над глыбінямі» (1883 і 1894), які прынёс Асныку званне паэта-філосафа. У гэтым цыкле ён выклаў сваю філасофскую сістэму, якая была спробай узгадніць ідэалізм з пазітывісцкім рэалізмам і сцыентызмам. З апошнім філасофію Асныка звязваюць разумовы практыцызм, прызнанне дасягненняў сучасных прыродазнаўчых навук і закону ўсеагульнага развіцця. Аднак, у адрозненне ад пазітывістаў, ён не верыў у магчымасць эмпірычнага пазнання рэчаіснасці, лічачы, што чалавечы розум становіцца бездапаможным па меры прагрэсу ведаў. Этычныя прынцыпы гэтай сістэмы абвяшчаюць абавязак актыўнага ўдзелу індывіда ў духоўным працэсе імкнення да ўсеагульнай дасканаласці. Стыль санетаў можна назваць дыскурсіўным; яму ўласцівы інтэлектуалізацыя і абстрактнасць лексікі, адсутнасць разгорнутых вобразаў, метафар, параўнанняў.
У творчасці Асныка ўвесь час прысутнічае патрыятычная нота, якая абвяшчае веру ў сілу народа і магчымасць вяртання незалежнасці, палемізуючы з кансерватыўнай праграмай згоды (у 25-ю гадавіну паўстання 1863 года).
Матывам многіх яго твораў з'яўляюцца горныя пейзажы, асабліва татранскія («Раніца ў гарах», «Касцеліска», «Ноч над Высокай», «Летні вечар», «Падчас буры», «Лімба», «Вадаспад Сіклавы», «Гевонт», «Злевы»), а таксама марскія матывы («Падарожнікі», «У заліве Бая»), санеты і цыкл «З чужых бакоў» (1895), «Таарміна», «Ноч на моры — па дарозе з Мальты ў Галету», «На палях Карфагена», «Пуэнт-дзю-Ра».
«Горы і мора, — пісаў Аснык 28 мая 1874 года ў лісце да бацькі, — гэта адзіныя ўніверсальныя лекі ад усіх людскіх хвароб, там, удыхаючы свежае, духмянае паветра, напаўняючыся відам свежай і ўзнёслай прыроды, можна забыцца пра пакуты і турботы...».
У час нямецкай акупацыі (1939—1945) уся творчасць Адама Асныка трапіла ў нямецкія спісы забароненых кніг як шкодная і непажаданая, прызначаная для знішчэння.
Апроч шматлікіх драматычных твораў, да найважнейшых у яго творчасці належаць: «Над глыбінямі» (1883—1894) — цыкл санетаў «Паэзія» (1869) «Паэзія» (1872) «Паэзія» (1880) «Паэзія» (1894)
Аўтар бытавых камедый «Сябры Іова» (1879), «Камедыя для конкурсу» (1888), гістарычных драм «Кола Рыенцы» (1873), «Жыд» (1875), «Кейстут» (1878).
Ушанаванне памяці
У родным Калішы імя Адама Асныка носяць: вуліца ў раёне Чашкі, жылы масіў, I ліцэй, выхаванцам якога быў паэт, і Гарадская публічная бібліятэка, заснаваная ў 1907 годзе. Падчас святкавання XVIII стагоддзяў Каліша (1960) на плошчы Канстытуцыі быў адкрыты помнік Адаму Асныку (аўтар — Ежы Ярнушкевіч). У 2022 годзе ў Калішы быў створаны мурал з выявай паэта паводле карціны Яцака Мальчэўскага.
Адам Аснык з'яўляецца патронам вуліц у многіх польскіх гарадах, школ (у Бельска-Бяле, Лодзі, Шчэціне і інш.). У Татрах існуе Цясніна Асныка.
З 1912 года ён з'яўляецца патронам вуліцы ў Кракаве. На фасадзе дома па вуліцы Лабзоўскай, 7 знаходзіцца мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1938 годзе (барэльеф працы Караля Хукана).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты Польшчы Катэгорыя:Драматургі Польшчы Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Дактары філасофскіх навук Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1838 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Калішы Катэгорыя:Памерлі ў 1897 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Кракаве Катэгорыя:Пахаваныя ў Крыпце заслужаных на Скалцы Катэгорыя:Пазітывісты Катэгорыя:Польскамоўныя паэты XIX стагоддзя