Чарне́нне, ніе́ла ( ад — «чорны») — тэхналагічны працэс і дэкаратыўная тэхніка апрацоўкі металічных вырабаў.
Тэхналагічны працэс Чарненне як тэхналагічны працэс — гэта ўтварэнне на паверхні металічных вырабаў тонкай аксіднай (для вырабаў са сталі і чыгуну) або сульфіднай (для сярэбраных вырабаў) плёнкі. Працэс выконваецца для павышэння каразійнай устойлівасці або ў дэкаратыўных мэтах.
Найбольш распаўсюджана чарненне сталі шляхам апускання вырабаў у канцэнтраваныя растворы шчолачы, якія ўтрымліваюць у якасці акісляльніку нітрат натрыю або нітрыт натрыю. Аптымальная таўшчыня плёнкі складае 0,6—0,8 мкм. Чарненне сталі з’яўляецца разнавіднасцю варанення.
Дэкаратыўная тэхніка Чарненне як дэкаратыўная тэхніка ўяўляе сабой аздабленне металічных вырабаў (пераважна сярэбраных), а таксама самі вырабы ў гэтай тэхніцы. Гравіраваны малюнак або фон запаўняюць тоўчаным чэрневым сплавам (серабро, медзь, сера і інш.), абпальваюць, а потым шліфуюць.
Тэхніка вядомая са старажытных часоў. Яна шырока ўжывалася ў рускім ювелірным мастацтве (вялікаўсцюгскае чарненне на серабры), а таксама ў мастацкім промысле апрацоўкі металу ў Дагестане (кубачынскае чарненне).
У Беларусі На Беларусі тэхніка чарнення вядома з XI—XIII стагоддзяў. Яна выкарыстоўвалася для аздаблення ювелірных вырабаў і звычайна спалучалася з ліццём, чаканкай, гравіраваннем, зярненнем, штампоўкай і іншымі відамі мастацкай апрацоўкі металаў. У XIV—XVIII стагоддзях чарненнем аздаблялі посуд, зброю, абклады кніг і абразоў. Беларускія майстры «чэрневай справы» М. Сямёнаў і Ф. Мікулаеў працавалі ў Аружэйнай, Сярэбранай і Залатой палатах Маскоўскага Крамля. У наш час чарненне выкарыстоўваецца для аздаблення некаторых ювелірных вырабаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Катэгорыя:Апрацоўка металаў Катэгорыя:Ювелірная справа Катэгорыя:Мастацтва Беларусі