Клёк Штучны — літаратурны псеўданім, пад якім у 2024 годзе апублікаваны дэтэктыўны раман «Забойства на вуліцы Макаёнка». Асоба аўтара дыскусійная, паводле выдаўца, тэкст створаны штучным інтэлектам, аднак крытыкі і чытачы не выключаюць удзелу жывога аўтара або супрацоўніцтва чалавека і машыны.
«Забойства на вуліцы Макаёнка» Паводле ўступнага слова «Ад рэдактара», раман гэта прадукт камп’ютарнай праграмы, якой прапанавалі апрацаваць корпус тэкстаў, што ўключаў сучасную беларускую літаратуру, палітычную аналітыку за 2020—2022 гады і класічныя брытанскія дэтэктывы канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Кніга спачатку створана ў аўдыяфармаце ў агучванні праекта «Беларускія аўдыякнігі», а пазней выдадзена папяровай выдавецтвам «Янушкевіч» у Варшаве.
Падзеі адбываюцца ў Мінску ў 2022 годзе. У цэнтры гісторыі — «Гільдыя гарадскіх вар’ятаў», адну з удзельніц якой, багемнага матылька і актывістку Жанну Танцэн, забіваюць незвычайным спосабам каля дзіцячай чыгункі. Міліцыя, занятая пераследам палітычных апанентаў, не спяшаецца расследаваць справу, таму за пошук забойцы бярэцца Якуб Пісьменны — мужчына «познамаладых» гадоў, унук нядаўна памерлай бабы Хані.
Ключавыя персанажы Баба Ханя Пісьменная — пры жыцці імпрэсарыа гарадскіх вар’ятаў, па смерці яўляецца ўнуку як прывід, размаўляе выключна рыторыкай пратэстаў 2020 года (фразы «Стоп-таракан», «Вы неверагодныя!» і іншыя). Аркадзь Табібулаеў — «кансільеры» Якуба Пісьменнага. Захар — рэканструктар і акцёр масоўкі, які стаў палітруком карнага атрада міліцыі па рабоце з «неверагоднымі». Камароўская Прымадонна — вулічная спявачка, якой пагражае небяспека. Любка-кнігалюбка — адна з каларытных персанажаў масоўкі.
Тэкст вылучаецца багаццем мовы, метафарычнасцю, ужываннем онімаў Мінска і ваколіц, тонкім гумарам, які спалучае атмасферу класічнага дэтэктыва з рэаліямі постпратэстнай Беларусі. Чытачы адзначаюць пэўную «штучнасць» у празмернай колькасці герояў і спецыфічнай інтэрпрэтацыі падзей, але высока ацэньваюць трапныя назіранні за беларускім жыццём, напрыклад, параўнанне адключэння гарачай вады з «сіметрычным тэрмінам сутак».
Крытыкі апісваюць твор як цікавы літаратурны эксперымент, сатыру і містычны рэалізм. Дэтэктыўная фабула кнігі ўспрымаецца як спроба замаскіраваць гісторыю пра жыццё сучаснага Мінска, дзе актыўнасць і творчасць былі гвалтам спынены.
Юрыдычны статус 23 мая 2025 года рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Мінска кніга ўключана ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Узнагароды У 2024 годзе рукапіс «Забойства ў Менску» перамог на конкурсе «Шуфлядка» ў намінацыі «Масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, дэтэктыў, прыгоды)». У 2025 годзе кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка» трапіла ў кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройця.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Псеўданімы