Лі́нія Дмо́ўскага () — праект лініі меркаванай дзяржаўнай мяжы Польскай Рэспублікі, прапанаваны польскім бокам на Парыжскай мірнай канферэнцыі ў 1919 годзе.
Праект лініі быў распрацаваны пад кіраўніцтвам польскага нацыяналістычнага палітыка Рамана Дмоўскага, у гонар якога і атрымаў сваю назву. На канферэнцыі ён быў прадстаўлены членамі польскай дэлегацыі: Раманам Дмоўскім, Ігнацыем Янам Падарэўскім, Антоніем Абрагамам і Томашам Рогалем.
Прапанаваная лінія мяжы Паводле прапанаванай лініі ў склад Польскай Рэспублікі павінны былі ўвайсці, акрамя тэрыторый, якія ў выніку ўтварылі Другую Рэч Паспалітую, таксама ўся Верхняя Сілезія, Усходняе Памор'е (з Гданьскам), Вармія і Мазуры, Літва, Усходняя Беларусь, заходняя частка Палесся, заходняе Падолле, Валынь і Жытоміршчына.
Лінія мяжы, у адпаведнасці з нотай польскай дэлегацыі, пачыналася на ўзбярэжжы Балтыйскага мора на ўсход ад Лабіяу, далей ішла па лініі берага на поўнач да Клайпеды і Палангі. Ад узбярэжжа на поўнач ад Лібавы мяжа паварочвала на ўсход, у адпаведнасці з гістарычнай мяжой 1772 года паміж Рэччу Паспалітай і Курляндыяй. Дасягала межаў Ілукстскага павета ў Курляндыі. Гэты павет павінен быў увайсці ў склад Польшчы з-за свайго геаграфічнага становішча і вялікага працэнта польскага насельніцтва. Тут мяжа ішла ўздоўж межаў павета да ракі Дзвіны і пераходзіла на яе правы бераг (Віцебская губерня), затым працягвалася на ўсход уздоўж цячэння ракі на адлегласці прыкладна 30 кіламетраў ад мяжы Дрысенскага павета, уключаючы яго разам з Полацкім паветам. Далей яна праходзіла на паўночны захад ад Гарадка, вярталася на левы бераг Дзвіны на адлегласці каля 30 кіламетраў на захад ад Віцебска і ішла на поўдзень, праходзячы на захад ад Сянно да пункта, дзе перасякаліся межы Мінскай і Магілёўскай губерняў, працягваючыся па гэтай мяжы на поўдзень ад ракі Бярэзіны да месца, дзе яна даходзіла да паўночнай мяжы Рэчыцкага павета, затым перасякала Бярэзіну і ішла ў паўднёва-заходнім кірунку да ракі Прыпяць на ўсход ад Мазыра. Адтуль, перасякаючы Прыпяць, мяжа ішла па лініі паміж Мазырскім і Рэчыцкім паветамі, пасля чаго накіроўвалася на паўднёвы захад, праходзіла на захад ад Оўруча і Звягеля і даходзіла да кропкі, дзе перасякаліся межы Ізяслаўскага, Астрожскага і Звягельскага паветаў. Затым лінія мяжы працягвалася на поўдзень па ўсходніх межах Ізяслаўскага і Стараканстанцінаўскага паветаў да пункта, дзе перасякаліся межы Лецічаўскага і Праскураўскага паветаў на Падоллі. Адтуль ішла ў паўднёвым кірунку, дасягаючы каля Зінькава ракі Ушыцы і ішла па яе цячэнні да Днястра, які ў гэтым месцы супадаў з польска-румынскай мяжой.
У адпаведнасці з поглядамі Рамана Дмоўскага, тэрыторыі з польскай меншасцю павінны былі ўвайсці ў склад Польшчы на падставе права на самавызначэнне, прычым палякам адводзілася роля «цывілізуючага ўплыву». Толькі паўночная частка Літвы з суцэльным літоўскім насельніцтвам магла разлічваць на аўтаномію ў складзе польскай дзяржавы. У сваіх мемарандумах і картах, прадстаўленых прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану ў кастрычніку 1918 года, Дмоўскі значна перабольшваў долю польскага насельніцтва на тэрыторыях гістарычнай Літвы, беспадстаўна пазначаючы рэгіёны на ўсход ад Вільні як «на 50—100 % польскія».
Лёс прапановы Дадзеная лінія праходжання польскай мяжы была адхілена на канферэнцыі, а пазней ад яе адмовіўся і сам аўтар. У прыватнасці, падчас перагавораў перад падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора Дмоўскі выказваўся супраць уключэння ў склад Польшчы Мінска. Сваю змену пазіцыі ён тлумачыў жаданнем будаваць монанацыянальную дзяржаву, аднак сапраўднай прычынай было супрацьдзеянне ідэям Юзафа Пілсудскага аб стварэнні федэрацыі (Міжмор’я). У выніку падпісання дагавора, які скончыў польска-савецкую вайну, новая дзяржаўная мяжа прайшла прыкладна за 30 кіламетраў на поўнач і захад ад Мінска.
Плошча Польшчы паводле прапанаванай Дмоўскім лініі мяжы павінна была складаць 447 тысяч км², з 38 мільёнамі насельніцтва, з якога каля 70 % нібыта складалі б палякі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Wycieranie gęby Dmowskim i prometejski upiór Сёння адзначаецца 75-я гадавіна смерці Рамана Дмоўскага
Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Гісторыя Польшчы Катэгорыя:Польская Рэспубліка (1918—1939) Катэгорыя:Граніцы Польшчы Катэгорыя:Парыжская мірная канферэнцыя (1919—1920)