Наталля Бінкевіч () — беларуская радыёжурналістка, паэтэса і перакладчыца.

Біяграфія Нарадзілася 22 снежня 1990 года Ваўкавыску. Дзяцінства жыла ў вёсцы Вулька Аброўская Івацэвіцкага раёна. Вучылася ў школе і ліцэі ў Івацэвіцкім раёне, скончыла ліцэйскі клас з гуманітарным ухілам у 2008 годзе.

У 2013 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ведае нямецкую, англійскую і французскую мовы.

З лістапада 2012 года працавала на міжнародным вяшчанні радыё «Беларусь» (структурным падраздзяленні Белтэлерадыёкампаніі), была вядучай нямецка- і беларускамоўнага эфіру.

У 2016 годзе скончыла Школу маладога пісьменніка. У 2017 годзе скончыла Беларускі калегіум па аддзяленні «філасофія і літаратура» (куратар — Валянцін Акудовіч).

Звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў 2020 годзе.

Са студзеня 2021 года была суарганізатаркай і выкладчыцай бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» ў Ваўкавыску. 22 сакавіка 2021 года падчас заняткаў разам з іншымі суарганізатарамі і навучэнцамі Наталлю затрымалі. Усіх затрыманых адвезлі ў РАУС для праверкі дакументаў і прафілактычнай гутаркі па адміністрацыйным заканадаўстве. Пасля гэтага Наталлю не раз выклікалі на допыты ў РАУС, праводзілі вобыскі. Курсы, аднак, працягваліся да канца навучальнага году, як і планавалася. Пасля патрабаванняў прыйсці на размову ў КДБ, Наталля пакінула Беларусь.

З 2021 года жыве ў Польшчы.

У лістападзе 2021 года была суарганізатаркай праекта «Мова Нанова з Варшавы ў любую кропку», таксама рыхтаваліся гістарычныя праекты.

Творчасць Друкуецца з сярэдзіны 2010-х гадоў, паэтычныя творы публікаваліся ў юбілейным 10-ты нумар часопіса «Верасень» (2014), у часопісе «Маладосць» (падборка «Словы ў цёплых швэдарах», № 10, 2014). У кастрычніку 2016 года дэбютавала ў «Маладосці» з прозай.

Таксама перакладае з англійскай мовы. Разам з Ганнай Комар і Юляй Цімафеевай працавала над перакладамі для зборніка выбраных вершаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (2018).

Прызнанне Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2018) у намінацыі «Пераклад» (разам з Ганнай Комар і Юляй Цімафеевай) за зборнік вершаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час».

Крыніцы

Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з англійскай мовы