Леанора Уладзіміраўна Барсук () — беларуская нафтавіца, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
Біяграфія Нарадзілася ў маі 1949 года ў Рэчыцы. Бацька — Уладзімір Браніслававіч Паднясенскі, усё жыццё прапрацаваў кіроўцам на Рэчыцкім фанерна-мэблевым камбінаце. Маці, Маргарыта Іванаўна Паднясенская, была хатняй гаспадыняй, гадавала траіх дзяцей.
Скончыла Рэчыцкую сярэднюю школу № 7. У школьныя гады займалася ў балетнай студыі і танцавальным гуртку, спявала ў хоры. Хацела стаць медыкам, але пасля змяніла сваё рашэнне, палічыўшы цікавай для сябе прафесію нафтавіцыЧистить нефть — не женский труд.
У 1966 годзе паступіла ў Рэчыцкае вучылішча № 86 нафтавікоў, якое нядаўна адкрылася, на спецыяльнасць «Аператар тэхналагічных установак». У 1968 годзе, пасля заканчэння вучылішча, уладкавалася на працу аператарам 3-га разраду тэрмахімічнай устаноўкі Рэчыцкага ўзбуйненага нафтапрамысла на промысле № 1. З 1970 года працавала ў цэху падрыхтоўкі нафты, у 1973 годзе стала старэйшым аператарам абязводжвання і абяссольвання ўстаноўкі падрыхтоўкі нафты. На гэтай пасадзе замяняла начальнікаў змены, калі яны сыходзілі ў водпускі. Акрамя таго, больш за 15 гадоў узначальвала прафсаюзны камітэт свайго цэха.
У маладосці была членам УЛКСМ. Выбіралася дэпутатам Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР 9 склікання (1974—1979) ад Рэчыцкай выбарчай акругі № 586 Гомельскай вобласці, была членам Камісіі па справах моладзі Савета Саюза. У статусе дэпутата наведала з візітам Чэхаславакію і Нарвегію. Таксама абіралася дэпутатам Гомельскага абласнога Савета некалькіх скліканняў.
У 2000 годзе выйшла на пенсію.
Пражывае ў Рэчыцы, займаецца агародніцтвам, захапляецца чытаннем дэтэктыўных раманаў.
Сям’я У 1968 годзе на танцах у гарадскім доме культуры пазнаёмілася з будучым мужам — Васілём Міхайлавічам Барсуком, у тым жа годзе выйшла за яго замуж. Васіль Міхайлавіч, ураджэнец вёскі Свірыдавічы, працаваў кіроўцам на Рэчыцкім фанерна-мэблевым камбінаце. У сям’і сын і дачка, трое ўнукаў і адна праўнучка.
Узнагароды Медаль «Ветэран працы» (1989).
Крыніцы
Катэгорыя:Нафтавікі Беларусі Катэгорыя:Дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР ад акруг Беларусі Катэгорыя:Дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР 9-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў