Уільям Генры Добел (англ. William H. Dobelle, 24 кастрычніка 1941, Пітсфілд, Масачусетс, ЗША — 5 кастрычніка 2004, Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканскі біямедыцынскі даследчык і вынаходнік, вядомы працамі ў галіне нейрапратэзавання, штучных органаў і сістэм штучнага зроку. Яго даследаванні былі накіраваны на распрацоўку электронных імплантатаў, здольных перадаваць сігналы непасрэдна ў нервовую сістэму чалавека. Добел лічыцца адным з піянераў у распрацоўцы сістэм штучнага зроку, якія дазвалялі часткова аднаўляць зрок у сляпых пацыентаў з дапамогай імплантаваных электродных масіваў у зрокавай кары мозгу.

Біяграфія Уільям Добел нарадзіўся ў горадзе Пітсфілд (штат Масачусетс) у сям’і артапедычнага хірурга Марціна Добела. Яшчэ ў падлеткавым узросце ён удзельнічаў у медыцынскіх даследаваннях і разам з бацькам распрацаваў удасканаленні для штучнага тазасцегнавага сустава. У 14 гадоў ён пачаў навучанне ў Вандэрбільтаўскім ўніверсітэце, пазней працягнуў адукацыю ва Універсітэце Джонса Хопкінса, дзе атрымаў ступені бакалаўра і магістра ў галіне біяфізікі. Доктарскую ступень па нейрафізіялогіі ён атрымаў у Ютаўскі ўніверсітэце. У 1957 годзе Добел выйграў нацыянальны навуковы конкурс у ЗША з рэнтгенаўскай устаноўкай, якую ён самастойна сканструяваў.

Навуковая дзейнасць З 1969 да 1975 года Добел быў намеснікам дырэктара Інстытута біямедыцынскай інжынерыі ў Ютаўскі ўніверсітэце, дзе займаўся даследаваннямі ў галіне штучнага зроку і слыху. Пазней ён стаў дырэктарам падраздзялення штучных органаў у Калумбійска-прэсвітэрыанскім медыцынскім центры у Нью-Ёрку. У 1983 годзе Добел набыў кампанію Avery Laboratories (цяпер Avery Biomedical Devices), дзе працягваў даследаванні ў галіне нейрастымуляцыі і імплантаваных медыцынскіх прылад. Ён таксама заснаваў прыватны Dobelle Institute, які займаўся распрацоўкай сістэм штучнага зроку для людзей з поўнай стратаю зроку.

Штучны зрок Найбольш вядомай распрацоўкай Добела стала сістэма Dobelle Artificial Vision System.

Яна выкарыстоўвала камеру, замацаваную на акулярах, камп’ютар для апрацоўкі відэасігналу і масіў электродных імплантатаў у глядзельнай кары мозгу. Сістэма перадавала апрацаваныя сігналы непасрэдна ў мозг, што дазваляла пацыентам бачыць простыя контуры аб’ектаў у выглядзе светлавых кропак. У 2000 годзе эксперымент паказаў, што пацыент, які доўгі час быў сляпы, змог распазнаваць формы і чытаць вялікія літары пры дапамозе гэтай сістэмы.

Іншыя распрацоўкі Добел таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы дыяфрагмальнага кардыястымулятара дыхання (breathing pacemaker), які выкарыстоўваецца для пацыентаў з паралічам або цяжкімі парушэннямі дыхання.

Прызнанне Добел быў адным з заснавальнікаў American Institute for Medical and Biological Engineering і ў 2003 годзе разам з даследчыкам Willem Johan Kolff быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі і медыцыне.

Смерць Уільям Добел памёр 5 кастрычніка 2004 года ў Нью-Ёрку ва ўзросце 62 гадоў ад ускладненняў, звязаных з дыябетам.

Гл. таксама

NeuroSky Emotiv Нейраінжынерыя

Зноскі

Катэгорыя:Медыкі