Тэадо́р Алякса́ндр фон Ге́пэ (; , Марыенвердэр — , Патсдам) — прускі афіцэр, ландрат, шэф ваеннага ўпраўлення на тэрыторыі Обер Ост падчас Першай сусветнай вайны, прэзідэнт урадавай акругі, віцэ-прэзідэнт прускай Вышэйшай падліковай палаты.

Біяграфія Сям'я і паходжанне Тэадор Аляксандр фон Гепэ паходзіў са старога гесэнскага дваранскага роду. Яго бацька, Адольф фон Гепэ, працаваў прэзідэнтам урадавай акругі Трыр і з'яўляўся сапраўдным тайным вярхоўным урадавым саветнікам; маці — Вільгельміна Бутэрвек. 2 студзеня 1904 года ў Берліне Тэадор фон Гепэ ажаніўся з Вільгельмінай Кёнігс, дачкой каралеўска-прускага тайнага ўрадавага саветніка Густава Кёнігса і Альвіны Базье. У шлюбе нарадзіліся адзін сын і чатыры дачкі.

Адукацыя і раннія гады Пасля вывучэння юрыспрудэнцыі ва ўніверсітэтах Лазаны, Лейпцыга, Берліна і Марбурга фон Гепэ ў 1892 годзе здаў экзамен на судовага рэферэндара. З таго ж года ён праходзіў службу ў прускай арміі, а таксама адбыў аднагадовую добраахвотную ваенную службу ў 2-м Рэйнскім гусарскім палку ў Трыре, дзе ў 1895 годзе атрымаў званне лейтэнанта запасу. З 1894 года Тэадор фон Гепэ перайшоў на агульную адміністрацыйную службу пры прэзідэнтах урадавых акруг у Трыры і Данцыгу. З 1897 года працаваў урадавым асесарам у ландратуры павета Трыр у прускай Рэйнскай правінцыі, а з 1899 па 1902 год — дапаможным чыноўнікам ландрата ў павеце Зюдэр-Дзітмаршэн на востраве Гельгаланд у прускай правінцыі Шлезвіг-Гольштэйн. У 1901 і 1902 гадах чыноўнік здзейсніў азнаямленчыя паездкі ў Індыю, Цэйлон і Егіпет.

Пасля вяртання ў 1902 годзе ён быў павышаны да ўрадавага саветніка пры обер-прэзідыуме ў Брэслаў. У 1903 годзе фон Гепэ быў прызначаны ландратам павета Фраўштат у прускай правінцыі Позен. Гэтую пасаду ён займаў адзінаццаць гадоў да 1914 года. У тым жа годзе ён атрымаў званне обер-рэгірунгсрата і стаў намеснікам прэзідэнта каралеўскай Прускай камісіі па пасяленнях у Позене. Яшчэ падчас вучобы ў Лазане ў 1888 годзе ён стаў членам студэнцкага таварыства «Germania Lausanne», а з 1927 года з'яўляўся старшынёй яго ганаровага савета. Акрамя таго, фон Гепэ быў рыцарам права Ордэна іанітаў.

Першая сусветная вайна З пачаткам вайны ў жніўні 1914 года Тэадор фон Гепэ быў мабілізаваны як ротмістр ландвера і прызначаны ад'ютантам камандуючага этапным забеспячэннем 8-й арміі, а пазней 9-й арміі. У 1917 годзе ён узначаліў Ваеннае ўпраўленне Беласток-Гродна, а з 1 лютага 1918 года стаў шэфам аб'яднанага ваеннага ўпраўлення Літва з цэнтрам у горадзе Вільня, у юрысдыкцыю якога ўваходзілі значныя тэрыторыі сучасных Літвы, Беларусі і Польшчы.

Дзейнасць у Веймарскай рэспубліцы У верасні 1918 года фон Гепэ быў прызначаны прэзідэнтам урадавай акругі Аўрых ва Усходняй Фрысландыі. Праз некалькі тыдняў пасля ўступлення на пасаду ён стаў сведкам падзення Германскай імперыі ў лістападзе 1918 года. Як кіруючы чыноўнік і афіцэр ён не быў прыхільнікам дэмакратычна-парламенцкай сістэмы, аднак праявіў лаяльнасць да новага ўрада і застаўся на сваёй пасадзе. Спроба радыкальнага рабочага і салдацкага савета Эмдэна зрушыць яго з пасады ў маі 1919 года была прадухілена обер-прэзідэнтам у Гановеры, які ахарактарызаваў фон Гепэ як спакойную і аб'ектыўную асобу. Кароткі час знаходжання фон Гепэ на пасадзе ў Аўрыху быў прысвечаны спробам палепшыць эканамічную сітуацыю для мясцовага насельніцтва ў складаныя пасляваенныя гады.

Радыкалізацыя палітыкі ў пачатку 1920-х гадоў прывяла да асаблівай насцярожанасці з боку ўлад СДПГ, якія падазравалі вышэйшае чынавенства ў таемнай падтрымцы праварадыкальных саюзаў. У 1922 годзе фон Гепэ, разам з іншымі чыноўнікамі, быў адхілены ад пасады і адпраўлены ў часовую адстаўку. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не арыштаваў лідара фрайкора Германа Эргарта, які знаходзіўся ў вышуку і часта з'яўляўся ў Вільгельмсгафэне, што ўваходзіў у юрысдыкцыю фон Гепэ. Акрамя таго, яму закідвалі актыўнасць антырэспубліканскай «Арганізацыі C». Нягледзячы на спробы абараніцца ад абвінавачванняў, ён пакінуў пасаду.

У 1923 годзе Тэадор фон Гепэ перайшоў на працу ў Міністэрства фінансаў і ўзначаліў кіраванне прускімі кароннымі маёнткамі. Ён пасяліўся ў кватэры былога дырэктара прыдворных садоў у парку палаца Сан-Сусі ў Патсдаме. У 1924 годзе ён атрымаў пасаду дырэктара, а ў 1930 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам прускай Вышэйшай падліковай палаты ў Берліне, якая адначасова выконвала функцыі Падліковай палаты Веймарскай рэспублікі. Гэтую пасаду ён займаў да свайго сыходу ў адстаўку ў сакавіку 1935 года (паводле іншых звестак — 31 сакавіка 1936 года).

Узнагароды Прускі Ордэн Чырвонага арла 4-га класа. Вялікі крыж дынастычнага Ордэна Альбрэхта Мядзведзя. Жалезны крыж 2-га і 1-га класа. Любекскі Ганзейскі крыж. Саксен-Мейнінгенскі Ганаровы медаль за заслугі на вайне.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 2 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1870 годзе Катэгорыя:Памерлі 2 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1954 годзе Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы Германіі Катэгорыя:Германская акупацыя Беларусі (1915—1918)