Падляшска-Беларускія ўзвышшы () — фізіка-геаграфічны рэгіён, выдзелены польскімі географамі (Ежы Кандрацкі, Анджэй Рыхлінг і інш.) у рангу падправінцыі Усходне-Еўрапейскай раўніны на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. У Польшчы да рэгіёну належыць Паўночнападляская нізіна () далей ад заходняй мяжы Беларусі абшар цягнецца на паўночны ўсход, сюды ўключаюцца Беларуская града і Панямонне (у складзе Заходне-Беларускай ландшафтнай правінцыі) і Заходняе Перадпалессе (частка Перадпалескай правінцыі).
Тэрыторыя ў асноўным прымеркавана да Беларускай антэклізы. Сучасны рэльеф сфарміраваны ў час сярэднечацвярцічнага зледзянення, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў. Важнейшыя рэкі Нёман, Бебжа і Нараў, яны адносяцца да басейна Балтыйскага мора.
Самымі высокімі абсалютнымі адзнакамі рэльефу характарызуецца Беларуская града, яе найвышэйшыя пункты — горы Святая (Дзяржынская, 345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м), Замкавая (Пуцэвіцкая, 324 м). Верхні ярус з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град, шырока прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорысты рэльеф, на перыферыі пашыраны зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы.
Найбольш тыповыя для ўзвышшаў дзярнова-падзолістыя глебы, сустракаюцца дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках, на захадзе — бурыя лясныя глебы. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць нізінныя мясцовасці. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу.
Захаваліся значныя лясныя масівы, сярод якіх асабліва выдзяляецца Белавежская пушча.
Літаратура
Borzyszkowski J., Grzegorczyk I. Nizina Północnopodlaska (843.3) // Regionalna geografia fizyczna Polski / A. Richling i in. — Poznań: Bogucki Wydawnictwo Naukowe, 2021. — ISBN 978-83-7986-381-5. Kondracki J. Geografia regionalna Polski — Warszawa: PWN, 2002. — ISBN 83-01-13897-1.
Катэгорыя:Рэльеф Беларусі Катэгорыя:Рэльеф Літвы Катэгорыя:Рэльеф Польшчы