Васіль Міхайлавіч () — князь кашынскі (1318—1368), вялікі князь цвярскі (1349—1365, 1367).
З цвярскіх Рурыкавічаў. Малодшы сын Міхаіла Яраславіча. Брат Дзмітрыя Міхайлавіча, Аляксандра Міхайлавіча і Канстанціна Міхайлавіча.
Біяграфія Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1318 годзе. Паводле запавету бацькі, перададзенага сынам перад ад’ездам у Арду ў тым жа годзе, відаць, атрымаў Кашын. Пасля Цвярскога паўстання (1327) разам з маці, княгіняй Ганнай Дзмітрыеўнай, і братам Канстанцінам збег у Ладагу. Праз год яны вярнуліся ў Цвярское княства. 26 сакавіка 1329 года прысутнічаў на пасаджэнні вялікага князя ўладзімірскага Івана I Данілавіча Каліты на княжанне ў Ноўгарадзе, затым удзельнічаў у паходзе вялікага князя ўладзімірскага да Пскова супраць свайго старэйшага брата — князя Аляксандра Міхайлавіча.
Пасля смерці ў 1346 годзе вялікага князя цвярскога Канстанціна Міхайлавіча ўступіў у барацьбу за цвярское княжанне з пляменнікам, холмскім князем Усеваладам Аляксандравічам. Выкарыстаўшы адсутнасць пляменніка, які знаходзіўся ў Ардзе, паслаў сваіх кашынскіх даншчыкаў сабраць даніну ва ўладаннях Усевалада Аляксандравіча. З гэтай данінай ён адправіўся ў Арду, але па дарозе быў перахоплены і абрабаваны Усеваладам Аляксандравічам, падтрымкі хана не атрымаў.
У 1349 годзе пры ўдзеле епіскапа Цвярскога Феадора II Усевалад Аляксандравіч саступіў вялікае княжанне дзядзьку. У 1352 годзе Васіль Міхайлавіч атрымаў у Ардзе ярлык на Цвярское княства. На працягу 1350-х гадоў канфліктаваў з Усеваладам Аляксандравічам: у 1352 г. спрабаваў кампенсаваць шкоду за рабаванне 1346 г., цяжкімі паборамі разбураў уладанні пляменніка. У 1357 г. перамовы ва Уладзіміры паміж варагуючымі бакамі пры ўдзеле мітрапаліта Аляксея і епіскапа Цвярскога Феадора II не прывялі да міру. У 1357 г. Васіль Міхайлавіч ездзіў у Арду да новага хана Бердыбека. У 1358 г. адправіў да хана пасланцаў Грыгарчука і Карэя са скаргай на пляменніка, пасля чаго Бердыбек без суда выдаў вялікаму князю цвярскому, які знаходзіўся ў Ардзе, Усевалада Аляксандравіча. Скарыстаўшыся гэтым, людзі вялікага князя цвярскога спаганялі вялізную даніну з жыхароў Холмскага княства, за кошт якой Васіль Міхайлавіч спрабаваў пакрыць выдаткі, панесеныя ў Ардзе.
У 1360 годзе, пасля вяртання Усевалада Аляксандравіча (які з’ехаў у 1359 годзе ў Вялікае Княства Літоўскае да швагра Альгерда) з літоўскай дапамогай, адбылося прымірэнне Васіля Міхайлавіча з пляменнікам. У 1362—1363 гады паміж Васілём Міхайлавічам і пляменнікамі (Усеваладам, Міхаілам, Уладзімірам і Андрэем Аляксандравічамі), верагодна, быў заключаны дагавор, згодна якому вялікі князь цвярскі «адступіўся» траціны вотчыны пляменнікаў і паміж імі адбыўся падзел «воласцямі». Тады ж цвярскія Рурыкавічы на чале з Васілём Міхайлавічам разам выдалі даравальную грамату цвярскому мужчынскаму манастыру, якая зацвердзіла шырокія фінансава-эканамічныя паўнамоцтвы яго архімандрыта.
Ужо ў 1363 годзе ў Васіля Міхайлавіча ўзнікла супрацьстаянне з пляменнікам, мікулінскім князем Міхаілам Аляксандравічам, да якога паступова перайшло палітычнае лідарства сярод братоў. Вялікі князь цвярскі сабраў войска для паходу супраць пляменніка, але неўзабаве распусціў яго. Судзячы па дадзеных «Рагожскага летапісца», у 1365 годзе страціў цвярское княжанне, якое перайшло да Міхаіла Аляксандравіча.
Канфлікт Васіля Міхайлавіча з пляменнікам узмацніўся па смерці ў лістападзе-снежні 1365 года падчас эпідэміі чумы ў Цвярскім княстве Сямёна Канстанцінавіча, які валодаў паловай Клінскага княства. У 1367 г., падтрымліваючы прэтэнзіі Васіля Міхайлавіча і клінскага князя Ерамея Канстанцінавіча, вялікі князь уладзімірскі Дзмітрый Іванавіч Данскі пачаў ваенныя дзеянні супраць Міхаіла Аляксандравіча, прымусіўшы таго з’ехаць у Вялікае Княства Літоўскае. Аднак новае княжанне Васіля Міхайлавіча ў Цверы было непрацяглым. Ужо ў кастрычніку таго ж года, абапіраючыся на літоўскую дапамогу, Міхаіл Аляксандравіч аднавіў сваю ўладу ў Цверы, а потым рушыў на Кашын. Васіль Міхайлавіч выслаў насустрач пляменніку паслоў, сваіх паслоў да Міхаіла Аляксандравіча накіраваў і епіскап Цвярскі Васіль, пры пасярэдніцтве якога паміж дзядзькам і пляменнікам быў заключаны мір.
Быў жанаты (з 1330) з бранскай князёўнай Аленай Іванаўнай (каля 1315 — не раней за 1373).
Крыніцы
Катэгорыя:Князі цвярскія