Генуэзская школа — рэгіянальная мастацкая школа ў Італіі ў XVI—XVII стагоддзях, якая праявілася перадусім у архітэктуры і жывапісе. Яе развіццё было звязана з эканамічным уздымам Генуэзскай рэспублікі, заказамі мясцовай арыстакратыі, царкоўным будаўніцтвам і кантактамі горада з мастацкімі цэнтрамі Італіі і Паўночнай Еўропы.Генуэзская школа // Беларуская Энцыклапедыя. — Т. 5. — С. 161.A Superb Baroque: Art in Genoa, 1600–1750 // National Gallery of Art.

Архітэктура У архітэктуры генуэзская школа сфарміравалася да сярэдзіны XVI стагоддзя. Яе росквіт звязваюць з творчасцю Галеаца Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў, у тым ліку Рока Лурага. Для генуэзскай архітэктуры гэтага часу характэрныя гарадскія палацы, у якім урачыстая пышнасць спалучалася з больш прыватным, сядзібным характарам унутранай прасторы.

Найбольш выразна гэтыя рысы выявіліся ў забудове «новых вуліц» Генуі («Le Strade Nuove») і палацавым квартале Палацці-дэі-Ролі. Комплекс уключае рэнесансныя і барочныя палацы, збудаваныя ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя, калі Генуя знаходзілася на вяршыні сваёй магутнасці.

Важным сведчаннем значэння генуэзскай палацавай архітэктуры стала выданне кнігі Пітэра Паўля Рубенса «Palazzi di Genova» у 1622 годзе. У ёй былі апублікаваны планы і фасады генуэзскіх палацаў. Гэта выданне спрыяла пашырэнню генуэзскай архітэктурнай мадэлі за межамі Італіі.Palazzi di Genova // Wikimedia Commons.

Жывапіс Генуэзская школа жывапісу склалася да 1630-х гадоў. На яе фарміраванне паўплывалі італьянскія майстры другой паловы XVI стагоддзя, а таксама фламандскія мастакі, якія працавалі ў горадзе, найперш Пітэр Паўль Рубенс і Антоніс ван Дэйк. Вядучым мастаком школы лічыцца Бернарда Строцы, у творах якога мясцовая традыцыя спалучалася з насычаным каларытам, эмацыянальнасцю і жывапіснай фактурнасцю.

Сярод іншых прадстаўнікоў генуэзскага жывапісу XVII стагоддзя вылучаліся Джавані Бенедэта Кастыльёне, Антон Марыя Васала, Валерыа Кастэла, Даменіка Ф’ясела, Джаакіна Асарэта, Даменіка Піёла і Грэгорыа дэ Ферары.

Майстры школы стваралі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэлігійныя кампазіцыі, алтарныя абразы і дэкаратыўныя размалёўкі палацаў і храмаў. Асобнае значэнне атрымаў пастаральны жанр, у якім важнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і выявы жывёл. Такія рысы асабліва характэрныя для творчасці Джавані Бенедэта Кастыльёне і Антона Марыі Васала.

Усхвалявана-рамантычныя кампазіцыі ствараў Валерыа Кастэла. Ягоны «жывапіс мазка і плямы» атрымаў пашырэнне не толькі ў Генуі, але і ў іншых мастацкіх цэнтрах Паўночнай Італіі.

Асаблівасці Да асноўных рыс школы адносяцца:

спалучэнне прадстаўнічай урачыстасці з больш інтымнай арганізацыяй унутранай прасторы палаца; актыўнае выкарыстанне дэкаратыўных роспісаў у палацах і храмах; значны ўплыў фламандскага барока, асабліва ў творчасці Рубенса і ван Дэйка; развіццё пастаральнага жанру, рэлігійнай кампазіцыі і параднага партрэта.Genoa: Le Strade Nuove and the system of the Palazzi dei Rolli // UNESCO World Heritage Centre.

Галерэя

Гл. таксама

Генуя Палацці-дэі-Ролі Барока Італьянскае мастацтва Пітэр Паўль Рубенс Антоніс ван Дэйк

Літаратура Генуэзская школа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 161. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0. Виппер Б. Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. — М.: Искусство, 1966. Bober J., Boccardo P., Colomer J. L. (eds.). A Superb Baroque: Art in Genoa, 1600–1750. — Washington: National Gallery of Art, 2020.

Спасылкі

Генуэзская школа // Беларуская Энцыклапедыя. Genoese school // Musei di Genova. A Superb Baroque: Art in Genoa, 1600–1750 // National Gallery of Art. Genoa: Le Strade Nuove and the system of the Palazzi dei Rolli // UNESCO World Heritage Centre.

Катэгорыя:Мастацтва Італіі Катэгорыя:Жывапіс Італіі Катэгорыя:Архітэктура Італіі Катэгорыя:Барока Катэгорыя:Генуя Катэгорыя:Жывапісныя школы