Газаправо́д «Даша́ва — Мі́нск» () — магістральны газаправод, пабудаваны ў 1958—1960 гадах, які ўпершыню забяспечыў цэнтралізаваную падачу прыроднага газу ў Беларускую ССР. Гэта быў адзін з найбуйнейшых інфраструктурных праектаў свайго часу, які паклаў пачатак першаму этапу масавай газіфікацыі гарадоў і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Пазней газаправод быў прадоўжаны да Вільнюса і Рыгі.

Перадумовы Да 1960-х гадоў галоўнымі відамі паліва ў БССР заставаліся торф, дровы і вугаль. У Мінску ежу гатавалі пераважна на пры́мусах і керагазах, а для ацяплення выкарыстоўваліся дрывяныя печы (у тым ліку і ў шматпавярховых дамах, так званых «сталінках»), дровы для якіх захоўваліся ў дваровых адрынах або скляпах. Электрастанцыі (напрыклад, ЦЭЦ-2) працавалі на торфе, здабыча і дастаўка якога патрабавалі велізарных працоўных затрат.

У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Украіны да СССР, высветлілася, што на гэты рэгіён прыпадае каля 60 % усіх разведаных запасаў прыроднага газу Савецкага Саюза. Самым магутным з'яўлялася радовішча каля мястэчка Дашава ў Львоўскай вобласці (УССР). У 1948 годзе ад яго быў пабудаваны магутны газаправод на Кіеў, пазней прадоўжаны да Масквы.

Рашэнне аб масавым пераводзе эканомікі суседніх рэспублік на прыродны газ было прынята на ХХ з'ездзе КПСС у 1956 годзе па ініцыятыве М. С. Хрушчова. Прыродны газ каштаваў у разы танней за вугаль, а будаўніцтва труб акуплялася прыкладна за адзін год. Планавалася пракласці адгалінаванні ад буйных радовішчаў Украіны і Расіі да прамысловых цэнтраў, у тым ліку пабудаваць трубу на Мінск і далей у Прыбалтыку.

Для арганізацыі забеспячэння горада палівам, распрацоўкі праектаў і каардынацыі работ 30 мая 1957 года было створана Упраўленне газіфікацыі «Мінскгаз» пад кіраўніцтвам Міхаіла Манцветава.

Будаўніцтва Будаўніцтва магістральнага газаправода пачалося ў 1958 годзе і вялося ў цяжкіх умовах багністай і лясістай мясцовасці. Упершыню ў савецкай практыцы прымяняліся трубы вялікага дыяметра — 820 мм. Адначасова ішлі падрыхтоўчыя працы па ўзвядзенні кампрэсарнай станцыі ў горадзе Кобрын.

Лінейная частка магістралі «Дашава — Мінск» даўжынёй 665 км была завершана за 13 месяцаў — на два месяцы раней за запланаваны тэрмін. Ад асноўнай магістралі паралельна пракладаліся адводы: адзін з першых (даўжынёй 128 км) пайшоў на Гомель.

Пуск газу ў Мінск 30 кастрычніка 1960 года на Цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая плошча) адбыўся шматтысячны мітынг, прысвечаны пуску прыроднага газу. У 16:25 над плошчай быў урачыста запалены велізарны газавы факел, што сімвалізавала заканчэнне будаўніцтва асноўнай магістралі.

Першымі прыродны газ атрымалі прамысловыя прадпрыемствы, у прыватнасці кавальскі і ліцейны цэхі МТЗ і ЦЭЦ-3. Сярод жылога фонду першымі газіфікаванымі дамамі сталі новабудоўлі аўтазаводцаў № 109, 111 і 113 па Магілёўскай шашы (цяпер Партызанскі праспект). Падача газу ў кватэры адбылася 14 лістапада 1960 года пад кіраўніцтвам майстроў «Мінскгаза» Маргарыты Граковіч і Раісы Мазуравай. Як пісала тагачасная прэса, прыгатаванне ежы на газе абыходзілася гаспадыням у 10—15 разоў танней, чым на дровах, і дазваляла эканоміць да дзвюх гадзін у суткі. 3 ліпеня 1961 года пры дапамозе новага газу ў Мінску быў запалены Вечны агонь на плошчы Перамогі.

Далейшае развіццё сістэмы і газіфікацыя БССР Будаўніцтва магістралі паклала пачатак першаму этапу газіфікацыі Беларусі, які доўжыўся з канца 1950-х да сярэдзіны 1970-х гадоў. У савецкія гады блакітнае паліва ў асноўным падводзілася да населеных пунктаў, якія прылягалі непасрэдна да трасы магістральнага газаправода, што патрабавала меншых капіталаўкладанняў. Акрамя Мінска і Гомеля, першымі газ атрымалі Брэст, Гродна, Масты, Скідзель і Ваўкавыск. Да 1970 года працягласць газаправодаў сістэмы Мінскага ўпраўлення дасягнула 2600 км. Траса была прадоўжана і з'явіўся газаправод «Івацэвічы — Вільнюс — Рыга». У 1960-я гады адгалінаванні ад украінскага радовішча пайшлі таксама ў Чэхаславакію і Венгрыю, зрабіўшы ўкраінскі газ важным экспартным таварам.

Паколькі запасы заходнеўкраінскага газу з часам пачалі вычэрпвацца (агулам з Дашавы ў суседнія рэспублікі было выпампавана больш за 500 млрд кубаметраў газу), а патрэбнасці БССР бесперапынна раслі, у 1974 годзе пачаўся другі этап газіфікацыі. Ён быў звязаны з увядзеннем у эксплуатацыю магістралі ад расійскага Таржка да Мінска і Івацэвічаў, што адкрыла доступ да сібірскага газу для поўначы і ўсходу рэспублікі (Віцебск, Орша).

Да 1991 года вытворчае аб'яднанне «Захадтрансгаз», якое вырасла з першых газавых упраўленняў, рэалізавала ў БССР і суседніх рэгіёнах больш за 523 мільярды кубаметраў газу, забяспечыўшы палівам большасць ЦЭЦ, прамысловых гігантаў і мільёны кватэр.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Трубаправодны транспарт Беларусі Катэгорыя:Эканоміка Беларускай ССР Катэгорыя:З’явіліся ў 1960 годзе Катэгорыя:Газаправоды СССР