Стары́я правасла́ўныя мо́гілкі — гістарычны некропаль у горадзе Ліда, заснаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Значная частка могілак была знішчана ў савецкі час дзеля будаўніцтва Лідскага завода электравырабаў.
Гісторыя Паводле звестак лідскага гісторыка Міхала Шымялевіча, праваслаўныя могілкі ў горадзе былі арганізаваны каля 1865 годаSzymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11 (цытуецца паводле: Лаўрэш Л. Лідскія могілкі // Лідскі Летапісец № 2(74)-2016. С. 38—60).. У 1875 годзе на тэрыторыі некропаля на сродкі А. Васнеўскага была пабудавана драўляная Свята-Георгіеўская царква.
У пачатку 1920-х гадоў, калі польскія ўлады забралі ў праваслаўных будынак сучаснага Свята-Міхайлаўскага сабора (на той час ён быў галоўным праваслаўным храмам горада), магільная капліца стала адзінай праваслаўнай царквой у Лідзе. Як адзначала беларуская газета «Новае Жыццё» ў 1923 годзе, каля 4000 праваслаўных вернікаў былі вымушаныя маліцца ў «невялічкай цэркаўцы-каплічцы на могілках», якая знаходзілася на выездзе з горада і раней выкарыстоўвалася выключна для адпявання нябожчыкаўНовае Жыццё № 2, 10 сакавіка 1923 (цытуецца паводле: Лаўрэш Л. Лідскія могілкі // Лідскі Летапісец № 2(74)-2016. С. 38—60).. Саборнай яна заставалася аж да 1990-х гадоў.
У савецкі час некропаль моцна пацярпеў ад кропкавай і прамысловай забудовы. Вялікая колькасць гістарычных надмагілляў была знесена пры будаўніцтве Лідскага завода электравырабаў. Помнікі, якія засталіся на прылеглай тэрыторыі, планавалася знішчыць для пракладкі новай дарогі. Дзеля гэтага ў 1980-я гады мясцовыя ўлады таемна прывезлі атрад камсамольцаў з Навагрудка, якія ўначы павалілі і пазбівалі на зямлю каменныя крыжы разам з надмагіллямі. Да нашых дзён ацалела толькі невялікая частка некропаля непасрэдна вакол царквы.
Дзякуючы намаганням святароў Свята-Георгіеўскага храма на ацалелай тэрыторыі былі ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі выбітных асоб, чые магілы знаходзіліся на гэтых могілках і былі страчаныя ў выніку вандалізму.
Археалагічныя раскопкі У ліпені 2026 года падчас правядзення земляных работ на тэрыторыі Лідскага завода электравырабаў рабочыя наткнуліся на непашкоджаныя цагляныя крыпты канца XIX стагоддзя з цэлымі металічнымі (імаверна, цынкавымі) саркафагамі, аздобленымі накладнымі крыжамі. Будаўнічыя работы былі неадкладна спыненыя, і на месца выехала археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для правядзення ахоўных раскопак.
Сярод знаходак навукоўцы выявілі ідэнтыфікаванае пахаванне падпалкоўніка 172-га пяхотнага Лідскага палка Юліяна Здановіча, які памёр у 1899 годзе (надмагільны помнік быў пастаўлены «ад сяброў»). Таксама падчас даследаванняў быў знойдзены сярэбраны медаль «У памяць валадарання імператара Аляксандра III» (з датамі «1881—1894»). Спецыялісты і мясцовыя ўлады ініцыявалі працэдуру стабілізацыі і кансервацыі знойдзеных артэфактаў з мэтай далейшага афіцыйнага перапахавання парэшткаў.
Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках Іосіф Каяловіч — былы лідскі праваслаўны дабрачынны. Кіпрыян Кандратовіч (1859—1932) — генерал ад інфантэрыі, міністр абароны БНР (пазней парэшткі былі ўрачыста перазахаваныя ў Воранаве). Леанід Маракоў — беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Марыя Навіцкая — заснавальніца першай Лідскай жаночай гімназіі. Рэнерт — вядомы лідскі ўрач. Юльян Саковіч (1906—1943) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Юліян Здановіч (пам. 1899) — падпалкоўнік 172-га пяхотнага Лідскага палка.
Крыніцы
Катэгорыя:Могілкі Ліды Катэгорыя:Колішнія могілкі Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1865 годзе