Вайско́выя мо́гілкі — знішчаны гістарычны некропаль у горадзе Ліда, які існаваў у 1916—1966 гадах. Знаходзіўся непадалёк ад Паўночнага вайсковага гарадка (Кашараў). На месцы могілак у савецкі час была пабудавана сярэдняя школа № 6 і яе спартыўныя аб’екты.

Гісторыя

Першая сусветная вайна Могілкі былі заснаваны ў 1916 годзе германскімі акупацыйнымі ўладамі падчас Першай сусветнай вайны. Тэрыторыя была абнесена невысокай мураванай агароджай. Пахаванні былі строга сістэматызаваны: на правым баку хавалі нямецкіх і аўстрыйскіх салдат, на левым — салдат расійскай арміі, целы якіх збіралі на палях вакол Ліды пасля заканчэння баёў. На расійскіх магілах ставілі крыжы з надпісамі «Невядомы жаўнер расейскай арміі» або проста «Невядомы». Асобна былі пахаваныя чэхі (салдаты аўстра-венгерскай арміі) і палякі (салдаты германскай арміі).

У паўднёвай частцы некропаля, непадалёк ад выязной брамы, быў узведзены манументальны помнік у форме піраміды, складзенай з груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды ляжала адлітая з жалеза фігура паміраючага салдата, пад якой быў выбіты надпіс: «За Бацькаўшчыну» ()Śnieżko Aleksander. Lidzki cmentarz wojenny // Ziemia Lidzka № 8-1936..

Міжваенны перыяд У 1919—1920 гадах на могілках пачалі хаваць салдат польскай арміі, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны. Тут з’явіліся магілы вайскоўцаў Сувалкаўскага пяхотнага палка, 4-га і 11-га палкоў уланаў, 1-й дывізіі легіёнаў. На іх ставілі цэментныя крыжы з надпісамі: «Невядомы жаўнер Вялікай Польшчы». У адным з кутоў знаходзілася магіла з надпісам «Невядомы салдат бальшавіцкай арміі»Kuwałek Robert. Nieistniejący cmentarz wojskowy w Lidzie. // Ziemia Lidzka. № 15-1994..

У 1924 годзе на могілках была пабудавана драўляная капліца ў закапанскім стылі. Набажэнствы ў ёй праводзіў капелан 77-га пяхотнага палка ксёндз Шабельскі. Сродкі на будаўніцтва актыўна збіралі жонкі афіцэраў і мясцовыя жыхаркі (аб гэтым у 1925 годзе пісаў капелан Юзаф Бяляўскі ў віленскай газеце «Słowo»)Słowo № 37 (751), 14 lutego 1925..

25 мая 1924 года Ліду з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці на вайсковых могілках помніка загінулым жаўнерам 77-га пяхотнага палка (у спісе загінулых значылася 12 афіцэраў, 9 падафіцэраў і 174 жаўнеры). Помнік у выглядзе калоны быў узведзены па праекце падпалкоўніка СестраневічаSłowo № 119 (536), 27 maja 1924..

У 1920-я гады тэрыторыя могілак была пашырана: у асобнай агароджанай зоне пачалі хаваць вайскоўцаў 77-га палка і цывільных асоб, якія жылі на тэрыторыі вайсковага гарадка (Кашараў). Акрамя таго, некропаль стаў месцам пахавання лётчыкаў 11-га знішчальнага і 5-га лётнага палкоў, якія базіраваліся ў Лідзе і гінулі падчас выканання палётаў. З часам гэты ўчастак ператварыўся ў лётны квартал, над якім узвялі васьміметровы помнік з фігурай арла.

Другая сусветная вайна У 1939—1941 гадах падчас савецкай улады на могілках было пахавана некалькі салдат Чырвонай Арміі.

З пачаткам нямецкай акупацыі 27 чэрвеня 1941 года нямецкія ўлады ўзялі могілкі пад сваю апеку. Былі адноўлены жалезная брама і агароджа, а магілы ўпарадкаваны. Нямецкі бок адгарадзіў частку польскіх пахаванняў калючым дротам. У 1941—1944 гадах тут хавалі нямецкіх салдат, загінулых пад Лідай або памерлых у мясцовым шпіталі, які размяшчаўся непадалёк. Штогод германскі гарнізон праводзіў на могілках урачыстыя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці загінулых.

У канцы 1943 года, рыхтуючыся да адступлення, немцы пачалі эксгумацыю і вываз парэшткаў сваіх салдат у Германію. Аднак працэс не быў завершаны: падчас паспешлівага адступлення з горада летам 1944 года некалькі трун засталіся ў раскапаных ямах, якія доўгі час стаялі незасыпанымі.

Знішчэнне Знішчэнне могілак пачалося адразу пасля ўваходу савецкіх войскаў у Ліду ў ліпені 1944 года. Зімой 1944—1945 гадоў каля могілак базіравалася зенітна-артылерыйская батарэя. З-за суровых маразоў і недахопу паліва савецкія салдаты цалкам разабралі на дровы гістарычную капліцу. Магілы ў той час яшчэ не былі кранутыя.

У 1949 годзе мясцовы жыхар збіў з пастамента чыгунную фігуру паміраючага салдата (частку нямецкага манумента перыяду Першай сусветнай вайны) і здаў яе на металалом. Сама піраміда працягвала стаяць прынамсі да 1959 года.

Канчатковая ліквідацыя некропаля адбылася ў 1966 годзе. Могілкі былі цалкам зраўняныя з зямлёй бульдозерамі. На прылеглай тэрыторыі быў пабудаваны будынак сярэдняй школы № 6, а непасрэдна на месцы пахаванняў абсталявалі школьную спартыўную пляцоўку і майстэрні. Эксгумацыя або перанос парэшткаў і помнікаў перад знішчэннем не праводзіліся.

З сярэдзіны 1990-х гадоў розныя польскія арганізацыі з Польшчы і Беларусі ўзялі пад апеку захаваныя рэшткі вайсковага квартала лётчыкаў, размешчаныя на ўскраіне знішчанай тэрыторыі. Увосень 2001 года быў адноўлены гістарычны абеліск лётчыкам.

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках Адам Залескі (1886—1926) — палкоўнік, пілот, намеснік камандзіра 11-га знішчальнага палка ў Лідзе. Удзельнік Першай сусветнай і польска-савецкай войнаў. Загінуў у авіякатастрофе пад ЛідайKu czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. — С. 345.. Павел Генрык Стэнцал (1899—1928) — старшы сяржант, пілот 11-га знішчальнага палка. Загінуў падчас палётуKu czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. — С. 349—350.. Аляксандр Ціхоцкі (1900—1928) — паручнік, вайсковы лётчык 11-га знішчальнага палка. Удзельнічаў у белым руху ў войсках Л. Карнілава і П. Урангеля. Лічыўся адным з найлепшых польскіх пілотаў. Трагічна загінуў падчас выканання фігур вышэйшага пілатажуKu czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. — С. 351.. Францішак Чарнецкі (пам. 1927) — сяржант-пілот 11-га знішчальнага палка. Загінуў падчас палётуKu czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. — С. 347..

Крыніцы

Спасылкі Лаўрэш Леанід.Лідскія могілкі // Лідскі Летапісец № 2(74)-2016. С. 38-60.

Катэгорыя:Колішнія могілкі Беларусі Катэгорыя:Могілкі Ліды Катэгорыя:З’явіліся ў 1916 годзе