Баляслаў Шышкевіч (; 1864, Ваўкавыскі павет — 4 верасня 1893, Гродна) — гродзенскі скульптар і разьбяр, які трымаў у Гродне майстэрню па вырабе надмагілляў. Аўтар шматлікіх помнікаў на старых могілках Гродна, якія называюць «каменнымі садамі». Ганаровы грамадзянін Гродна.

Біяграфія

Сям'я і дзяцінства Баляслаў Шышкевіч нарадзіўся каля 1864 года — дакладная дата невядомая. Паходзіў са шляхецкага роду з Ваўкавыскага павета. Яго дзед Юзаф Шышкевіч ёсць у спісе шляхты гэтага павета за 1836 год як «шляхціц без халопаў». Вядома, што Юзаф, прынамсі па стане на 1851 год, нідзе не служыў, а яго сын Ян, бацька Баляслава, быў калежскім сакратаром.

У 1874 годзе Баляслаў паступіў у Ваўкавыскую павятовую школу. У вучобе меў праблемы з арыфметыкай і геаметрыяй (па якіх атрымліваў адзнакі «нездавальняюча» і «здавальняюча»), аднак выдатна паспяваў у каліграфіі і маляванні. З-за слабога здароўя і праблем з вучобай у 1877 годзе ён не перайшоў у наступны клас, а праз год быў адлічаны са школы.

Прафесійная адукацыя Дзе Шышкевіч атрымаў прафесійную скульптурную адукацыю на працягу наступных васьмі гадоў, дакладна невядома. Аднак ён добра ведаў тагачасную могілкавую сімволіку, архітэктуру і меў высокі ўзровень працы з пясчанікам. Паводле версіі гісторыка Юрыя Гардзеева і мастацтвазнаўца Яцака Розмуса, выказанай у 1999 годзе, разьбяр мог праходзіць практыку ў віленскіх майстроў. Мяркуецца, што гэта магла быць майстэрня Блажэйчыка, вядомага сваімі помнікамі на могілках Роса ў Вільні.

Праца ў Гродне і заўчасная смерць У 1886 годзе ва ўзросце 22 гадоў прыехаў у Гродна і адкрыў уласную майстэрню па вырабе надмагілляў на вуліцы Ерусалімскай (сучасная вуліца Антонава), што вяла ў напрамку дзвюх могілак — каталіцкіх Фарных і суседніх праваслаўных. Спачатку Шышкевіч працаваў адзін, але неўзабаве колькасць заказаў значна павялічылася і майстар наняў памочнікаў. Заказы паступалі не толькі з Гродна, але і са Свіслачы і Сувалак.

Высокі мастацкі ўзровень і якасць прац Шышкевіча выклікалі незадаволенасць мясцовых рамеснікаў і канкурэнтаў. Гродзенскі цэх муляроў і печнікаў ужо ў сакавіку 1886 года падаў скаргу ў губернскае праўленне з патрабаваннем забараніць яму працаваць самастойна і падпісваць працы сваім прозвішчам. Паколькі асобнага цэха разьбяроў і скульптараў у Гродне не было (для яго стварэння патрабавалася мінімум пяць спецыялістаў), мясцовыя муляры патрабавалі, каб Шышкевіч уступіў у іх цэх і здаў экзамен на муляра, сцвярджаючы, што праца гэтых дзвюх прафесій не моцна адрозніваецца. Пакуль губернскае праўленне не паспела разгледзець скаргу, Шышкевіч накіраваў ліст наўпрост гродзенскаму губернатару Аляксандру Пацёмкіну. У лісце ён з тлумачыў, што з'яўляецца мастаком, а не каменшчыкам, таму не павінен уступаць у цэх муляроў. Губернатар прыхільна паставіўся да звароту і такім чынам Шышкевіч здолеў абараніць права быць свабодным творцам.

25 кастрычніка 1887 годзе, праз год пасля адкрыцця майстэрні, Шышкевіч ажаніўся з Раманай Марыяй Пратасевіч, якая была на год маладзейшай за яго. Неўзабаве скульптар атрымаў спадчынны тытул ганаровага грамадзяніна горада Гродна.

Памёр 4 верасня 1893 года ва ўзросце 29 гадоў ад сухотаў. Пахаваны на гродзенскіх Фарных могілках.

Пасля смерці Баляслава яго майстэрняй паспяхова кіравала ўдава Рамана Марыя. Яна працягвала даваць працу наёмным супрацоўнікам і захоўвала мастацкія традыцыі заснавальніка да 1907 года. Пасля 1908 года фірма Шышкевічаў больш не ўзгадваецца ў гродзенскім крыніцах. Уласніца прадпрыемства памерла 25 лютага 1912 года ў Сувалкаўскай губерні, але пахаваная ў Гродне.

Творчасць і стыль Баляслаў Шышкевіч прынёс у гродзенскую надмагільную мастацкую традыцыю стыль, які называюць «застылым рамантызмам» ці «каменнымі садамі».

Візітнай карткай майстра сталі «скалкі» — кампазіцыі з пясчаніку, якія імітуюць натуральнае нагрувашчванне камянёў. На гэтых скалах звычайна «вырастаюць» каменныя крыжы, выкананыя ў выглядзе ствалоў дрэў са спілаванымі галінамі (найчасцей бярозы). У сваіх працах Шышкевіч часта выкарыстоўваў мясцовыя раслінныя матывы: замест традыцыйнага паўднёвага аканта ён выразаў папараць, плюшч і мох, якія нібыта прабіваюцца праз камень.

Пры гэтым майстар валодаў і традыцыйнай могілкавай сімволікай: выкарыстоўваў перавернутыя згасаючыя паходні (сімвал канца жыцця), якары (знак надзеі), а таксама вянкі з руж.

Вядомыя працы Сярод найбольш значных прац майстэрні Баляслава Шышкевіча вылучаюцца: Помнік Якаву Памеранскаму — надмагілле губернскага чыноўніка на старых праваслаўных могілках Гродна, якое лічыцца найдасканалейшым творам Шышкевіча. Скульптура выканана ў выглядзе фігуры маладой сумнай жанчыны ў павяваючай на ветры сукенцы, якая з грацыяй схіляецца над магілай. Лічыцца, што мадэллю для скульптуры была рэальная жыхарка Гродна, а не каталогавы ўзор. Магіла сям’і Пратасевічаў (1888) — помнік сваякам жонкі з пясчаніку ў выглядзе пячоры. У гэтай працы традыцыйны акант заменены плюшчом, а каменны крыж імітуе ствол бярозы. Помнік Вільгельму Вэверну (1889) — надмагілле генерал-лейтэнанта расійскай артылерыі на каталіцкіх могілках. Помнік аздоблены вайсковай сімволікай і скульптурнай падушачкай з узнагародамі генерала. Помнік Станіславу Холснеру (1895) — надмагілле падпалкоўніка і камандзіра батальёна на каталіцкіх могілках, аздобленае папулярным хрысціянскім сімвалам надзеі — якарам. Уласны помнік Баляслава Шышкевіча (1893) — надмагілле, спраектаванае самім скульптарам да сваёй смерці для сямейнага пахавання на старых каталіцкіх могілках у выглядзе невялікага класічнага маўзалея. Магілу ўпрыгожвае пастамент з музай паэзіі і філасофіі Каліёпай, якая ўзносіцца да неба, а каля яе ног ляжаць выкутыя ў пясчаніку прылады разбяра — малаток і долата. На помніку таксама размешчаны медальён з барэльефам і выявай самога Шышкевіча, які глядзіць у бок Нёмана. Паводле ідэі Шышкевіча, памнік павінен захоўваць памяць пра розныя пакаленні сям'і. Часткова з'яўляецца кенатафам, бо на ім размешчаны таблічкі ў тым ліку пра тых членаў сям'і, хто насамрэч пахаваны ў іншых месцах. Мемарыяльныя дошкі ў Свята-Пакроўскім саборы — дзве табліцы ў гонар вайскоўцаў, якія загінулі ў руска-японскай вайне, размешчаныя ў саборы на вуліцы Ажэшкі. Помнік сям’і Кунцаў (1907) — надмагілле на цэнтральнай алеі Фарных могілак, створанае для сям’і вядомых гродзенскіх півавараў (заснавальнік бровара Юзаф Кунц памёр у 1907 годзе).

Крыніцы

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1864 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1893 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Гродне Катэгорыя:Пахаваныя на Фарных могілках Катэгорыя:Скульптары Беларусі Катэгорыя:Скульптары XIX стагоддзя Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Гродна