«Мілаві́ца» — машынапісны літаратурны альманах, які выдаваўся ў 1974—1976 гадах на беларускай і рускай мовах у Мінску студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ. Выданне працягвала справу «Блакітнага ліхтара». Выйшла 7 нумароў.

Гісторыя У 1974 годзе студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ініцыявалі часопіс пад назвай «Мілавіца» (у народзе так звалі планету Венеру). Рэдактарам альманаха стаўся Генадзь Кулажанка, адказным сакратаром — Уладзімір Арлоў. Акрамя вышэйназваных аўтарамі выдання былі Ігар Чарняўскі, Юрась Бандаровіч, Эдвард Зайкоўскі і іншыя студэнты, якія не хаваліся пад псеўданімамі.

У асабістым архіве Уладзіміра Арлова захаваўся трэці нумар альманаха, які налічваў 25 старонак. У гэты нумар увайшлі тэксты самога Арлова, Кулажанкі, Чарняўскага, Зайкоўскага, Сяргея Кавалёва. Акрамя саміх тэкстаў (пра вуліцы старога Мінска, любоў да беларускай культуры, небяспеку атамнай энергетыкі) таксама публікавалася сатыра з жыцця студэнтаў. У альманаху была інфармацыя, прысвечаная Клубу аматараў піва. Ілюстрацыі і фатаграфіі аўтары ўклейвалі ў альманах. Часопіс акрамя студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта чытала моладзь з наступных інстытутаў: тэатральна-мастацкага, педагагічнага, замежных моў.

Крыніцы

Літаратура

«Мілавіца» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1. «Мілавіца» // Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — С. 31—32. — 172 с. — ISBN 985-6012-58-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Беларускі самвыдат Катэгорыя:Літаратурныя альманахі Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы на рускай мове