А́нджэй Струг (), сапраўднае імя Тадэ́вуш Гале́цкі (; , Люблін — , Варшава) — польскі пісьменнік, публіцыст, літаратурны крытык. Масон, грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік сацыялістычнага і незалежніцкага руху, кавалер ордэна Virtuti Militari.

Біяграфія Раннія гады і рэвалюцыйная дзейнасць Нарадзіўся ў Любліне ў сям’і Уладзіслава Галецкага, уладальніка каланіяльнага магазіна, і Паўліны з Міклашэўскіх. Навучаўся ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах, дзе далучыўся да нелегальнай дзейнасці Гуртка народнай асветы () і Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). У 1895 годзе быў арыштаваны царскімі ўладамі і зняволены ў X павільёне Варшаўскай цытадэлі, а ў 1897 годзе асуджаны і сасланы ў Архангельскую губерню, дзе знаходзіўся да 1900 года.

Пасля вяртання са ссылкі вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (1901—1904). Прымаў актыўны ўдзел у падзеях рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Польшчы. У гэты час ён з'яўляўся лідарам Сялянскага, а затым Вясковага аддзела ППС, рэдагаваў сялянскія выданні «Gazetа Ludowа» («Народная газета») і «Robotnik Wiejski» («Вясковы работнік»). У 1907 годзе зноў быў арыштаваны, з-за чаго вымушаны быў пакінуць межы Расійскай імперыі і збегчы ў Парыж, дзе пражыў да 1914 года. У 1908 годзе ўступіў у ППС — рэвалюцыйную фракцыю пад кіраўніцтвам Юзафа Пілсудскага.

У 1910 годзе А. Струг быў адным з падпісантаў адкрытага ліста з патрабаваннем пахаваць цела Юліуша Славацкага на Вавелі, супраць чаго пратэставаў кракаўскі біскуп Ян Пузына. Пасля вяртання з Францыі ўступіў у таварыства «Стралец». У жніўні 1912 года ўдзельнічаў у з'ездзе ў Закапанэ, на якім быў створаны Польскі вайсковы скарб ().

Першая сусветная вайна і незалежная Польшча Падчас Першай сусветнай вайны ў званні вахмістра ваяваў у шэрагах Польскіх легіёнаў Ю. Пілсудскага (у 1-м палку ўланаў). У 1915—1918 гадах выконваў функцыі палітычнага рэферэнта ў Польскай вайсковай арганізацыі. 9 лютага 1916 года фармальна звольнены з Легіёнаў.

У незалежнай Польшчы выступаў прадстаўніком ППС. У 1918 годзе браў удзел у стварэнні Народнага ўрада (урад І. Дашынскага), дзе стаў намеснікам міністра прапаганды. У 1918—1919 гадах рэдагаваў часопіс «Rząd i Wojsko» («Урад і Войска»). У 1928 годзе абраны ў Сенат па спісах ППС. З'яўляўся адным з заснавальнікаў і двойчы старшынёй Прафесійнага саюза польскіх літаратараў (1924, 1935) (у прыватнасці, быў дэлегатам на з'езд саюза 4 лютага 1922 года ў Варшаве).

А. Струг працаваў і ў кінематографе: у 1928 годзе выступіў суаўтарам сцэнарыяў для нямых фільмаў «Пан Тадэвуш» (разам з Фердынандам Гётэлем) і «Перадвесне» (разам з Анатолем Стэрнам), а таксама працаваў літаратурным кіраўніком пры адаптацыі рамана С. Пшыбышэўскага «Моцны чалавек».

Быў актыўным грамадска-палітычным дзеячам, абаронцам правоў чалавека. У 1934 годзе стаў на чале Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. У тым жа годзе адмовіўся ад прапанаванага сяброўства ў Польскай акадэміі літаратуры на знак пратэсту супраць Брэсцкага працэсу і стварэння канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай. Больш за тое, Анджэй Струг афіцыйна выйшаў са складу польскага сейма, дэманструючы такім чынам пратэст супраць забароны выкладання па-беларуску ўладам міжваеннай Польшчы. У 1936 годзе ўвайшоў у склад камітэта Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі (МАДР).

Таксама А. Струг належаў да масонства. У 1920 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў Вялікай Нацыянальнай Ложы Польшчы, а з 1922 па 1923 год выконваў функцыі яе Вялікага Майстра. міні|Надмагілле Анджэя Струга на Вайсковых могілках Павонзкі

Памёр 9 снежня 1937 года ў Варшаве. Пахаваны на Вайсковых могілках Павонзкі (кватэра A19-левае паўкола-9).

Асабістае жыццё Быў жанаты з Нэлі Галецкай-Струг (1892—1989).

Творчасць міні|Музей Анджэя Струга ў Варшаве міні|Мемарыяльная дошка памяці Анджэя Струга ў Варшаве Дэбютаваў як літаратурны крытык у 1902 годзе. Пасля смерці Стэфана Жаромскага ў 1925 годзе ўспрымаўся як «новае ўвасабленне сумлення польскай літаратуры».

Апавяданні і аповесці першага перыяду творчасці былі напісаны на аснове вопыту рэвалюцыі 1905 года і адлюстроўвалі трагічнасць і ахвярнасць рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. У цыкле апавяданняў «Айцы нашы» (1911) апісаны падзеі Студзеньскага паўстання 1863 года. Тэма Першай сусветнай вайны і баявы шлях Легіёнаў Пілсудскага знайшлі адлюстраванне ў аповесцях «Хімера» (1918), «Адзнака за верную службу» (1921), «Магіла невядомага салдата» (1922).

Расчараванне ў рэаліях незалежнай Польшчы і крытыка тагачаснага капіталізму праявіліся ў раманах 1920-х гадоў: «Пакаленне Марка Свіды» (1925), «Грошы» (1914, пазней перавыдадзены), «Фартуна касіра Спеванкевіча» (1928), трылогіі «Жоўты крыж» (1932—1933). Сярод твораў А. Струга асабняком стаіць гратэскна-сатырычны твор «Закапанаптыкон», напісаны дзякуючы добраму веданню праблем моднага тады курорта Закапанэ.

Узнагароды і прэміі міні|Вокладка часопіса «Światowid» (1927), прысвечаная ўручэнню А. Стругу прэміі імя Э. Ажэшкі Сярэбраны крыж Ордэна Virtuti Militari № 5419 (17 мая 1922); Крыж Незалежнасці (4 лістапада 1933) — «за працу ў справе аднаўлення незалежнасці»; Афіцэрскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (30 красавіка 1925) — «за выдатную літаратурную творчасць» (супраць ўзнагароджання пратэставаў каталіцкі святар Максіміліян Марыя Кольбэ); Крыж Храбрых; Залаты Акадэмічны лаўр (5 лістапада 1935) — «за выдатную літаратурную творчасць»; Памятны знак ПАВ № 620 (6 жніўня 1919); Літаратурная прэмія імя Элізы Ажэшкі за прыжыццёвыя дасягненні (1927); Прэмія горада Лодзі за агульны ўклад у літаратуру (1933).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 28 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1871 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Любліне Катэгорыя:Памерлі 9 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1937 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы XX стагоддзя Катэгорыя:Палітыкі Польшчы Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны