Га́лі-О́так (, ) — канцэнтрацыйны лагер, а пазней турма ў Югаславіі, размешчаныя на аднайменным востраве ў Адрыятычным моры, на тэрыторыі сучаснай Харватыі. У 1949—1956 гадах на Галі-Отаку ўтрымлівалі сапраўдных і меркаваных прыхільнікаў Іосіфа Сталіна і рэзалюцыі Камінфарма. Турма была канчаткова закрыта ў 1988 годзе.

Гісторыя

Лагер быў адкрыты ў 1949 годзе пасля канфлікту паміж кіраўніком Югаславіі Ёсіпам Брозам Ціта і савецкім кіраўніцтвам на чале Іосіфам Сталіным, які ўзнік у 1948 годзе. Пасля асуджэння югаслаўскага кіраўніцтва Камінфармам у краіне пачаўся пераслед людзей, западозраных у падтрымцы СССР; ужо да пачатку будаўніцтва лагера ў чэрвені 1949 года было арыштавана больш за 3700 такіх «камінфармістаў», а першы транспарт вязняў прыбыў на востраў у ліпені 1949 года. На Галі-Отак траплялі не толькі перакананыя сталіністы, але і асобы, прызнаныя палітычна ненадзейнымі або абвінавачаныя паводле даносаў. Многіх накіроўвалі ў лагер паводле адміністрацыйных рашэнняў югаслаўскай палітычнай паліцыі УДБА, без адкрытага судовага разгляду.

Вязняў прымушалі працаваць у каменяломнях, на будаўніцтве і ў майстэрнях. Часткай сістэмы «палітычнага перавыхавання» было прымушэнне зняволеных даносіць адзін на аднаго, публічна асуджаць іншых вязняў і ўдзельнічаць у іх прыніжэнні і збіцці. Такім чынам адміністрацыя перакладала значную частку гвалту на саміх зняволеных.

Рэпрэсіі закраналі і сем'і абвінавачаных: сваякоў звальнялі з працы, высялялі і дапытвалі, а некаторых жанчын знявольвалі. Жаночы лагер дзейнічаў пераважна на суседнім востраве Святога Гргура.

Канфлікт паміж Югаславіяй і СССР захоўваўся да сярэдзіны 1950-х гадоў, калі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе адносіны паміж дзвюма краінамі паступова пачалі нармалізавацца. У 1956 годзе Галі-Отак перастаў быць спецыяльным лагерам для абвінавачаных у падтрымцы Камінфарма. Комплекс ператварылі ў турму для асуджаных за крымінальныя злачынствы, хоць у наступныя дзесяцігоддзі тут утрымлівалі і асобных палітычных зняволеных. У 1980 годзе на востраве ненадоўга дзейнічала калонія для непаўналетніх злачынцаў, якую закрылі ў тым жа годзе пад уплывам міжнароднага ціску. Пасля канчатковага закрыцця турмы ў 1988 годзе будынкі былі пакінуты і паступова ператварыліся ў руіны.

Колькасць ахвяр

Харвацкае аб'яднанне «Ante Zemljar», якое займаецца захаваннем памяці пра лагер, ацэньвае агульную колькасць вязняў Галі-Отака і суседняга Святога Гргура ў 1949—1956 гадах прыкладна ў 13 тысяч чалавек. Харвацкая энцыклапедыя прыводзіць шырэйшую ацэнку — ад 17 да 32 тысяч чалавек, улічваючы пазнейшы перыяд дзейнасці турмы.

Колькасць загінулых дакладна не вызначана. Прыводзяцца ацэнкі ад 400—600 да 4000 чалавек. Паводле архіўных дакументаў УДБА, даследаваных харвацкім гісторыкам Марцінам Прэвішычам, ва ўсёй сістэме лагераў для абвінавачаных у падтрымцы Камінфарма памерлі або былі забіты каля 400 чалавек. Значна большыя ацэнкі архіўнымі дакументамі не пацвярджаюцца.

У культуры і памяці

Да 1980-х гадоў тэма Галі-Отаку заставалася табуяванай. Сітуацыя змянілася, калі пісьменнік Антоній Ісакоўіч у 1979 годзе напісаў раман пра турму «Трэнь» («Момант»). Кнігу надрукавалі толькі пасля смерці Ціта ў 1980-м, яна стала бестселерам.

Пасля распаду Югаславіі былыя вязні стварылі Асацыяцыю былых палітычных зняволеных Галі-Отака.

Літаратура

Гл. таксама Камінфарм Святы Гргур УДБА

Вонкавыя спасылкі

Крыніцы Катэгорыя:Канцэнтрацыйныя лагеры Катэгорыя:Турмы Харватыі Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі ў Югаславіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1949 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1988 годзе Катэгорыя:Астравы Харватыі Катэгорыя:Халодная вайна Катэгорыя:Гісторыя Югаславіі