Пазнанскае паўстанне (1848) — польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сакавіка — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэвалюцыйныя падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сакавіка ў г. Познань створаны Нацыянальны камітэт. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго часткі да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нацыянальны камітэт стварыў тайны Нацыянальны ўрад (Караль Лібельт, Г.​Патвароўскі, В.​Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 красавіка стаў Людвік Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 красавіка ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узброенных сіл (3 тыс. чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 красавіка прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 красавіка паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партызанскія дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Польшчы Катэгорыя:Канфлікты 1848 года Катэгорыя:Рэвалюцыі 1848—1849 гадоў Катэгорыя:Паўстанні ў Польшчы