Палеапаталогія — навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англійскі вучоны Марк Арман ​Рафер у 1913 годзе. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гістарычныя эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на палеапаталогію раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.

Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археалагічных і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. Палеапаталогія мае вялікае значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біялагічных і сацыяльна-эканамічных фактараў.

На Беларусі пытанні палеапаталогіі распрацоўваюцца з 1970 года ў Беларускім педагагічным універсітэце, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі і інш.

Літаратура