Палеаэкалогія — раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геалагічнага мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гістарычныя змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюцыйным вучэннем, гістарычнай геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі палеаэкалогіі выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеаграфічных абставін (напрыклад, палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некаторых карысных выкапняў і інш.

Як навука палеэкалогія ўзнікла ў 2-й палове 19 ст. (заснавальнік — У. А. Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстрыйскія вучоны А.​Абель, нямецкія І.​Вальтэр, расійскія — М. І. Андрусаў, А. П. Карпінскі, М.​М.​Якаўлеў і інш.

На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А. В. Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі (А. С. Махнач, С.​А.​Кручак, Л.​І.​Мурашка, Я.​К.​Яловічава і інш.) і Беларускім геолагаразведачным НДІ (В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кеда, В.​І.​Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.

Літаратура