Памінкі — абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некаторых іншых славянскіх народаў. Памінкі звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя памінкі па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.

На першыя памінкі звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясцовых традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. Памінкі наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу: упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на ўсходзе Беларусі). Літаратура

Катэгорыя:Культ продкаў