Ро́берт О’Ха́ра Бёрк (, ) — даследчык Аўстраліі і паліцэйскі, ураджэнец Ірландыі. У 1860—1861 гадах узначальваў даследчую экспедыцыю, падчас якой упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку.Fitzpatrick, Kathleen. Burke, Robert O'Hara (1821–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 3. — Melbourne University Press, 1969.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1821 годзе ў Сент-Клерансе ў графстве Голуэй у Ірландыі, быў другім з трох сыноў Джэймса Хардзімана Бёрка і Эн О’Хары. Вучыўся ў Вулвіцкай акадэміі, пасля чаго паступіў у аўстрыйскую армію і служыў лейтэнантам кавалерыйскага палка. У чэрвені 1848 года па ўласным жаданні пакінуў ваенную службу і перайшоў у Ірландскую конную паліцыю.
У 1853 годзе пераехаў у Аўстралію і ў красавіку таго ж года паступіў у паліцыю калоніі Вікторыя. Спачатку служыў выканаўцам абавязкаў інспектара ў Карлсруэ, у студзені 1854 года быў прызначаны старшым інспектарам у Бічварце, а ў 1858 годзе стаў кіраўніком паліцыі акругі Каслмэйн.
Экспедыцыя Бёрка і Уілса У 1860 годзе Каралеўскае таварыства Вікторыі арганізавала Віктарыянскую даследчую экспедыцыю. Яе кіраўніком прызначылі Бёрка.Burke and Wills expedition party // State Library Victoria. Экспедыцыя павінна была перасекчы кантынент з поўдня на поўнач і даследаваць магчымую трасу для трансаўстралійскага тэлеграфа.
Экспедыцыя выйшла з Каралеўскага парку ў Мельбурне 20 жніўня 1860 года. Пасля прыбыцця да Купер-Крыка Бёрк выбраў для паходу на поўнач Уільяма Джона Уілса, Джона Кінга і Чарлза Грэя. 16 снежня чацвёра падарожнікаў выправіліся да заліва Карпентарыя, узяўшы шэсць вярблюдаў, аднаго каня і запас харчавання на тры месяцы.McLaren, Ian F. Wills, William John (1834–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 6. — Melbourne University Press, 1976.
11 лютага 1861 года яны дасягнулі заліва Карпентарыя каля вусця ракі Фліндэрс, і такім чынам упершыню перасеклі аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку.
На зваротным шляху 17 красавіка памёр Чарлз Грэй. 21 красавіка Бёрк, Уілс і Кінг вярнуліся да лагера на Купер-Крыку і выявілі, што атрад Уільяма Браэ пакінуў яго ў тую ж раніцу, пакінуўшы ім невялікі запас харчавання. Трое падарожнікаў вырашылі рухацца ўздоўж Купер-Крыка ў бок паселішчаў Паўднёвай Аўстраліі, аднак праз знясіленне не здолелі далёка адысці і засталіся ў раёне ракі.
Бёрк памёр 28 чэрвеня 1861 года. Неўзабаве памёр і Уілс. З чацвярых удзельнікаў паходу да заліва Карпентарыя выжыў толькі Джон Кінг. Яму дапамагалі мясцовыя абарыгены яндрувандха, якія забяспечвалі яго ежай і прытулкам. 15 верасня 1861 года Кінга знайшоў пошукавы атрад Альфрэда Уільяма Гавіта.Hutchinson, Debra. Victoria’s first state funeral // State Library Victoria. — 18.01.2013.
Неўзабаве Гавіт знайшоў астанкі Бёрка і Уілса і пахаваў іх каля Купер-Крыка. Пазней было вырашана перапахаваць даследчыкаў у Мельбурне з дзяржаўнымі ўшанаваннямі, і Гавіта паслалі забраць іх астанкі. У студзені 1863 года яны на працягу двух тыдняў знаходзіліся для развітання ў будынку Каралеўскага таварыства Вікторыі. 21 студзеня 1863 года адбылося пахаванне Бёрка і Уілса на Мельбурнскіх агульных могілках.
У літаратуры Пра экспедыцыю Бёрка апавядае ў Жуль Верн сваім рамане «Дзеці капітана Гранта», дзе ставіць яго ў шэраг «вялікіх даследчыкаў» Аўстраліі. У 1938 годзе ў Мінску выйшаў беларускі пераклад зроблены Гр. П. Кутылоўскім.
Зноскі
Літаратура
Верн Ж. Дзеці капітана Гранта / пераклад з другога рускага выдання Гр. П. Кутылоўскага. — Менск : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, Дзіцячая літаратура, 1938. Fitzpatrick K. Burke, Robert O'Hara (1821–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 3. — Melbourne University Press, 1969. McLaren I. F. Wills, William John (1834–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 6. — Melbourne University Press, 1976.
Катэгорыя:Даследчыкі Аўстраліі і Акіяніі Катэгорыя:Падарожнікі Ірландыі