Панская ласка — беларускі ананімны вершаваны твор 19 стагоддзя ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пачатку 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «Панская ласка» — прыклад народнай публіцыстыкі з элементамі мастацкага паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай народнага анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зборніку «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рускага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу), апублікаваны ў зборніку «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).

Літаратура

Катэгорыя:Беларуская літаратура XIX стагоддзя