Адам Кісель () — дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, адзін з апошніх праваслаўных сенатараў.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1600 годзе ў сямейным маёнтку Нізкінічы на Валыні ў шляхецкай сям’і герба «Святольд». Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Замойскай акадэміі.

З юнацкіх гадоў прысвяціў сябе ваеннай справе. Прымаў удзел у выправах караля Жыгімонта III Вазы. Удзельнічаў у Цэцорскай бітве (1620) і Хацінскай вайне (1621). Падчас Смаленскай вайны (1632—1634) вызначыўся пад камандаваннем князя Уладзіслава (будучага караля Уладзіслава IV), за што атрымаў значныя зямельныя ўладанні і ўрад чарнігаўскага падкаморага. Дзякуючы свайму красамоўству і дыпламатычным здольнасцям, Адам Кісель хутка стаў адным з галоўных экспертаў па «казацкіх справах» пры каралеўскім двары. У 1640-я гады ён атрымаў сенатарскую годнасць, стаўшы кашталянам кіеўскім, а пасля — ваяводам брацлаўскім.

З пачаткам казацкага паўстання ў 1648 годзе Адам Кісель апынуўся ў вельмі складаным становішчы. З аднаго боку, ён быў верным падданым кароны і сенатарам, з другога — праваслаўным «русінам», які спачуваў сваму народу. Кароль Ян II Казімір прызначыў Кісяля кіраўніком каралеўскіх камісій для перамоў з Багданам Хмяльніцкім. Адам Кісель імкнуўся знайсці кампраміс, які дазволіў бы захаваць Украіну ў складзе Рэчы Паспалітай праз пашырэнне правоў праваслаўнай царквы і казацтва. Пры яго ўдзеле былі заключаны Збораўскі мір (1649) і Белацаркоўскі мір (1651).

Адам Кісель быў абаронцам праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, фінансава падтрымліваў Кіева-Магілянскую калегію, заснаваў некалькі манастыроў (у тым ліку Нізкініцкі і Максакаўскі). У той жа час ён адпісваў маёмасць і іншым хрысціянскім ордэнам, напрыклад, віцебскім базыліянам.

Памёр у 1653 годзе. Пахаваны ў Свята-Успенскай царкве ў родных Нізкінічах, дзе захаваўся яго пышны надмагільны помнік.

Крыніцы