Анчар (Antiaris) — род кветкавых раслін сямейства тутавыя. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных астравах. Найбольш вядомы анчар ядавіты (Antiaris toxicaria), або упас-дрэва з вострава Ява.

Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з вострава Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак. Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Тутавыя