Алгонкін () — правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыа. Заснаваны ў 1893 годзе. Плошча 765,3 тыс. га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асноўных парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амерыканскіх валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Літаратура
Крыніцы