Бярэ́зіна () — рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 613 км. Вадазбор 24,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Агульнае падзенне 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 ‰.
Гідраграфія
Пачынаецца за 1 км на паўднёвы захад ад горада Докшыцы Віцебскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, упадае ў Дняпро справа на ўчастку паміж гарадамі Жлобін і Рэчыца, вусце ў 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Берагавая Слабада Рэчыцкага раёна, 5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Горваль.
Агульная даўжыня рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км, густата рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіна падзяляецца на 3 участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця 240 км).
Вадазбор плошчай 24,5 тыс. км², раўнінны з марэннымі градамі (адносная вышыня град 20-30 м). Верхняя частка вадазбору размешчана ў межах Беларускай грады і Верхнебярэзінскай нізіны, сярэдняя на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняя ў межах Гомельскага Палесся. Пад лясамі, у т. л. забалочанымі, 52 % тэрыторыі, масівы хваёва- і ялова-ліставых парод сканцэнтраваны ў верхняй частцы вадазбору і ў нізоўях.
У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, купістая, шырынёй 2 — 3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3 — 1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясчанымі астравамі. Шырыня ракі 15 — 20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных участках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясчаныя, забалочаныя.
У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шырыня яе 2 — 3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10 — 35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грувтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5 — 2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5 — 3 м, тэрмінам ад 10 — 20 сутак да 1,5 — 2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60 — 80 м, найбольшая 100—300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1 — 2 м.
У ніжнім цячэнні да вусця даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 2 — 8 км, месцамі звужаецца да 0,3 — 0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6 — 15 м, месцамі 20 — 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5 — 5 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,2 — 3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, адмелін, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шырыня ракі 80 — 130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1 — 2 м да 15 м.
Асноўныя прытокі Справа: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач, Каменка, Асовіна, Бабруйка. Злева: Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала.
Жыўленне, гідралагічны рэжым Асаблівасць гідралагічнага рэжыму — высокая паводка восенню і яе спад у перыяд ледаставу. Буйная дажджавая паводка на Бярэзіне (у горадзе Барысаў) адзначана ў 1927, 1937, 1952 і 1962 гг.
Вясновае разводдзе (10–20 сутак) звычайна праходзіць адной, радзей некалькімі хвалямі (пад’ём вады 2,3–3,4 м над межанным узроўнем). Замярзае ў 1‑й палове снежня, ускрыццё ў канцы сакавіка (вясновы крыгаход працягваецца 4–7 сутак). Максімальная таўшчыня лёду 30–60 см у канцы лютага — пачатку сакавіка. Сярэдняя тэмпература вады летам 18–20 °С.
Назіранні за гідралагічным рэжымам вядуцца на 4 пунктах (Беразіно, Бабруйск, Барысаў, Светлагорск), за станам паверхневых водаў па гідрахімічных паказчыках на 7 пунктах.
У створы Бярэзіна — Бабруйск (433 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 118 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 592 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 55,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 51,4 м³/с.
У створы Бярэзіна — Барысаў (204 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 35,5 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 126 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 16,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 19,5 м³/с.
Фаўна Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога, галавень, падуст, сом, мянтуз.
Гаспадарка
На рацэ размешчаны філіял РТУП «Беларускае рачное параходства» рачны порт Бабруйск. Рака Бярэзіна ўваходзіць у склад унутраных водных шляхоў Рэспублікі Беларусь. Суднаходства ад вёскі в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.
На рацэ У межах вадазбору створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік, гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Заазер’е, біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння Чэрнеўскі, ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Чарневіцкі, Выдрыца, Смычок і Свіслацка-Бярэзінскі. У межах Гомельскай вобласці шырыня водаахоўнай зоны ракі Бярэзіна складае 200–6500 м.
Гарады: Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск. Зоны адпачынку: рэспубліканскага значэння — Беразіно і Асіповічы; мясцовага значэння — Дроздзіна, Прырэчча і інш.; Курорты: Бабруйск і Горваль.
На берагах ракі знаходзяцца санаторыі «Бярэзіна», «Бярэзіна — Барысаў», турыстычны комплекс «Дудзінка-Сіці», база адпачынку «Прырода-Люкс», «Маёнтак Горваль», аздараўленчыя комплексы ААТ «БАТЭ», «Беліна» ў в. Беліна (Барысаўскі раён), аздараўленчы цэнтр «Дудзінка», курорт Бабруйск, на тэрыторыі якога размешчаны 3 санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі для дарослых і дзяцей (санаторый «Шыннік», дзіцячы санаторый «Вясёлка», санаторый імя У. І. Леніна), базы адпачынку ААТ «Лесахімік», «Сонечная паляна» (каля вёскі Ядліна Бярэзінскага раёна).
Назва На думку М. Фасмера, несумненная сувязь назвы ракі Бярэзіна з бяроза, адкуль бярозіна «бярозавая галіна»М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. I. Москва, 1986. С. 154..
На думку В. Жучкевіча, акрамя назвы драўнянай пароды бярозы нельга выключыць і магчымасць сувязі назвы Бярэзіна са словам бераг. Такая сувязь не была бы пазбаўлена сэнсу, бо цвёрдыя моцныя берагі маюць не ўсе беларускія рэкіВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 26..
На думку Б. Рыбакова, у старажытнасці рака Бярэзіна разглядалася ў якасці вытока Барысфена (Дняпра). Таму старажытная назва Барысфен захавалася да нашых часоў у назвах ракі Бярэзіны і вострава Беразань ля вусця ДняпраБ. А. Рыбаков. Геродотова Скифия. Москва, 1979. С. 28..
Наконт рачных назваў басейна Бярэзіны У. Тапароў пісаў:«Найбольшую удзельную вагу мае балтыйская гідранімія басейна Бярэзіны. Адносная колькасць такіх назваў тут такая значная, а балтыйскі характар іх такі відавочны, што не выклікае ніякага сумнення думка пра адносна нядаўняе пражыванне на гэтай тэрыторыі балтыйскага насельніцтва. Апошняе пацвярджаецца і некаторымі прамымі гістарычнымі сведчаннямі. Такая ж даставерная ўсходнебалтыйская прыналежнасць бярэзінскай гідраніміі, што паказвае шматлікія сувязі з гідраніміяй сучасных Літвы і Латвіі. У цэлым балтыйскімі могуць быць прызнаныя наступныя назвы рэк і азёраў басейна Бярэзіны: Бярэзіна, Беразанка, Бярозка, Беражніца (двойчы), Берасчанка, Мядзіол, Мядзеліца, Поня, Варлынка, Мажайка, Нідалька, Сергуч, Манцо, Манец, Манча, Асовіна, Осаўка, Клява, Клявіца, Ала, Осава, Нача (двойчы), Жартайка, Пелік, Плавія, Стабніца, Вяча, Венча, Грыўка, Балоча (двойчы), Молча (двойчы), Рынелка, Сведзь / Свіда, Ольса, Несета (двойчы), Цітаўка / Цітва, Мяна, Можа, Вожа, Важа, Дзій / Дыя, Волма, Брожа, Дабрэліна, Клупча, Бруч, Свіслач, Мрай, Пядынка, Пліса (двойчы), Мясрэда, Цна (двойчы), Ісга, Сха / Цха, Усяж / Усяжа, Гайна / Гойна, Валадуць, Рова, Рава, Пустамеціжка, Сінія / Сін, Ачыжа, Петрыца, Нерчай / Нерчанка, Бабруйка, Янчапка, Соленка і інш. Такім чынам, густата балтыйскай гідраніміі ў гэтым басейне пераважае ўсе адзначаныя да гэтай пары выпадкі (каля 80 балтыйскіх назваў з агульнай колькасці каля 300)».В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 235—236.
Але з нібы 900 балцкіх назваў Верхняга Падняпроўя аўтары «Лінгвістычнага аналіза» тлумачаць пры дапамозе балцкай лексікі толькі 140, г. зн. вельмі шмат застаецца без тлумачэння, а цэлы шэраг тлумачэнняў выклікае пярэчанні (Бабруйка, Вязовенка, Дзеравенне, Пціч і г. д.)І. А. Ласкоў. Летапісная літва: Сваяцтва і лёс. Вільня, 2011. С. 234..
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Масьлюкоў Т. Падарожжа па самай беларускай рацэ // Рэгіянальны партал — Светлагорск , 2009, 7 верасня.
Катэгорыя:Рэкі Віцебскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Гомельскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Мінскай вобласці