Бітва на Стрэве 2 лютага 1348 года — баявое сутыкненне паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і Вялікага Княства Літоўскага на рацэ Стрэве паблізу Коўна.
Ордэнскае войска складалася ў асноўным з сілаў яго прускай часткі, таксама былі крыжаносцы-госці — англійскія і французскія рыцары. Вялікалітоўскае войска пад камандаваннем вялікіх князёў Альгерда і Кейстута складалася, апроч уласна літоўцаў, з атрадаў Уладзіміра-Валынскага, Берасця, Віцебска, Смаленска і Полацка.
Перад бітвай ордэнскае войска на працягу тыдня спусташала землі літоўскага Панямоння. Вялікалітоўскае войска шукала і перастрэла немцаў, ініцыятыва пачатку бітвы належала яго камандуючаму — вялікаму князю Альгерду.
Вялікалітоўскія войскі пацярпелі паразу. Нямецкія храністы, відавочна, перабольшвалі яе маштаб, падаючы лічбы страт з ордэнскага боку — 8 братоў-рыцараў і 42 ваяры, а з боку літвінаў — «тысячы», але пэўна параза была вельмі цяжкай. Сярод загінулых адзначаны полацкі князь Нарымонт, брат Альгерда і Кейстута. У падзяку за перамогу ў Кёнігсбергу пабудаваны касцёл Дзевы Марыі, патронкі Ордэна.
Літаратура
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 2. — Мн., 2002. -- ISBN 985-08-0515-3. -- С. 127.
Катэгорыя:Бітвы Тэўтонскага ордэна XIV стагоддзя Катэгорыя:Бітвы Вялікага Княства Літоўскага XIV стагоддзя Катэгорыя:1348 год у Еўропе Катэгорыя:Люты 1348 года Катэгорыя:Падзеі 2 лютага