Бітва пад Меднікамі (27 ліпеня 1320) — бітва каля Меднікаў паміж войскам Тэўтонскага ордэна пад камандаваннем комтура Генрыха фон Плуцке і войскам Вялікага Княства Літоўскага.
Ордэнскае войска ў 1320 годзе ўварвалася ў Жамойць і пачало рабаваць наваколле. Рыцары былі ўпэўненыя ў сваёй перавазе і падзялілі сілы для спусташэння зямлі. Жамойты выкарысталі тактыку раптоўнага нападу, калі асноўныя сілы крыжакоў былі аслабленыя падзелам войска.
Бітва скончылася перамогай Вялікага Княства Літоўскага. З нямецкага боку загінулі ўсе 40 братоў-рыцараў і іх дапаможны кантынгент. Генрых фон Плуцке быў забіты непасрэдна падчас бітвы. «Хроніка Прускай зямлі» паведамляе, што пасля перамогі жамойты ўзялі ў палон аднаго з рыцараў, Гебхарда фон Руке, і ў якасці падзякі сваім багам спалілі яго на кастры разам з коньмі і трафеямі.
Перамога Вялікага Княства Літоўскага спрычынілася да пераняцця княствам, на нейкі час, ініцыятывы ў вайне. Гэтая перамога на 20 гадоў спыніла буйныя паходы Ордэна на Жамойць, што дазволіла вялікаму князю Гедыміну засяродзіцца на пашырэнні ВКЛ на ўсход.
Літаратура Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 2. — Мн., 2002. ISBN 985-08-0515-3. С.125.
Катэгорыя:Бітвы Тэўтонскага ордэна XIV стагоддзя Катэгорыя:Бітвы Вялікага Княства Літоўскага XIV стагоддзя Катэгорыя:Падзеі 27 ліпеня Катэгорыя:Ліпень 1320 года Катэгорыя:1320 год у Еўропе Катэгорыя:Бітвы ў Літве