Све́тлы Бор (, ; да 1920-х гг. — Яніна, да 1962 г. — Кардонная Фабрыка) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Свіслач. Уваходзіць у склад Турынскага сельсавета.
Назва Першапачатковая назва населенага пункта — Яніна, ад назвы кардоннай фабрыкі, якая, у сваю чаргу, відаць паходзіць ад імя ўладальніка Яна Каржанеўскага. Каржанеўскія былі буйнымі землеўладальнікамі ў ваколіцах, на канец XIX стагоддзя цэнтрам уладанняў быў маёнтак Новыя Валокі.
Гісторыя Населены пункт узнік як двор кардоннай фабрыкі «Яніна» Каржанеўскіх пры вёсцы Вугалец, адкрытай у 1898 годзе. У Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1912 годзе ўладальнікам фабрыкі быў Іван (Ян) Ануфрыевіч Каржанеўскі, гадавая вытворчасць 40 000 рублёў, былі паравы і водны рухавік, 26 работнікаў.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Уласнасць нацыяналізавана, населены пункт пераўтвораны ў пасёлак Кардонная Фабрыка, завод перайменаваны ў імя Леніна.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У наваколлі дзейнічала савецкая 1-я Мінская партызанская брыгада. У ліпені 1942 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі вёска спалена, забіты 4 жыхары. Пасля вайны вёска была адноўлена.
У 1962 годзе пасёлак перайменаваны ў Светлы Бор.
Насельніцтва 1921 год — 1 двор, 48 жыхароў, усе беларусы 1940 год — 38 двароў, 162 жыхары 1960 год — 386 жыхароў 1999 год — 786 жыхароў 2002 год — 299 двароў, 730 жыхароў 2010 год — 630 жыхароў 2019 год — 632 жыхары
Рэлігія У вёсцы ёсць праваслаўная царква, прыход Казанскай іконы Божай Маці.
Эканоміка і інфраструктура Дзейнічае Пухавіцкая кардонная фабрыка, належыць ААТ «Тыліт-Бел». На 2026 год ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, крама, Дом культуры, аддзяленне сувязі.
На 2018 год дзіцячы сад і сярэдняя школа скасаваны.
Славутасці Гарадзішча (V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.). 0,6 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Свіслач, у месцы яе ўпадзення ў раку Волма. Брацкая магіла вайскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.
Вядомыя асобы Аляксандр Панцялеевіч Бурмакоў (нар. 1947) — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Турынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна
Катэгорыя:Перайменаваныя населеныя пункты Беларусі